2015-11-13 13:41:00

Францішак пра каштоўнасць спадчыны Рамана Гуардзіні


13 лістапада 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў канферэнцыі, прымеркаванай да 130-годдзя з дня нараджэння нямецкага святара і тэолага Рамана Гуардзіні. Паводле Пантыфіка, мысліцель можа шмат сказаць таксама людзям сучаснай эпохі і не толькі хрысціянам.

Папа ўзгадаў пра ўрывак з рамана “Браты Карамазавы”, які Гуардзіні цытаваў у сваёй кнізе “Рэлігійны свет Дастаеўскага”. Гаворка ішла пра людзей, якія прыходзілі да старца Засімы, каб падзяліцца ўласнымі турботамі і цяжкасцямі, просячы аб благаслаўленні і малітве. Сярод іх таксама адна змучаная сялянка. Падчас споведзі яна прызналася, што забіла свайго хворага мужа, які ў мінулым адносіўся да яе кепска. Старац убачыў, што жанчына, засмучаная ўсведамленнем ўласнай віны, цалкам закрытая ў сабе і што гэты мур можна прабіць любым суцяшэннем і парадай. Жанчына была ўпэўнена, што ўжо асуджана. Святар, аднак, прапанаваў ёй выйсце: яе існаванне мае сэнс, паколькі Бог яе прыняў у момант пакаяння. Старац заклікаў яе не баяцца нічога і не трапляць у роспач, каб пакаянне не аслабла, і тады Бог прабачыць усё. Няма і не можа быць у свеце такога граху, які Бог не можа прабачыць чалавеку, што шчыра каецца. Чалавек не можа ўчыніць настолькі вялікага граху, які перапоўніць бясконцую любоў Божую. У споведзі жанчына перамянілася і зноў атрымала надзею, нагадаў папа Францішак.

Паводле Святога Айца, менавіта самыя простыя людзі могуць зразумець, пра што тут ідзе гаворка. Іх уражвае веліч, якая ззяе у мудрасці і сіле любові гэтага старца. “Яны разумеюць, што такое святасць, гэта значыць, існаванне з верай, здольнае бачыць, што Бог блізкі да людзей, трымае іх жыццё ў сваіх руках”, - сказаў Пантыфік і нагадаў словы Рамана Гуардзіні пра тое, што прымаючы жыццё з рук Божых, асабістая воля перамяняецца ў волю Божую і такім чынам чалавек злучаецца з Богам ў жыццядайнай еднасці, не перастаючы быць проста стварэннем, а Бог не перастае быць Богам. 

Гэта “жыццядайная еднасць” для Гуардзіні заключалася ў канкрэтных адносінах людзей са светам і з іншымі людзьмі. Францішак заклікаў паглядзець на актуальную сітуацыю ў свеце праз прызму разважанняў нямецкага тэолага. “Так мы, магчыма, зможам заўважыць, што Бог, у сваёй мудрасці, паслаў да нас, у багатую Еўропу, галоднага, каб мы далі яму есці, прагнучага, каб далі яму піць, чужынца, каб мы прынялі яго, голага, каб мы яго апранулі. Гісторыя пакажа: калі мы з’яўляемся народам, прымем яго як нашага брата; а калі толькі групай індывідуумаў, сустрэнемся са спакусай ратавання толькі ўласнай скуры, праз што пазбавім сябе перспектывы”, - сказаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.