2015-11-12 13:37:00

Францішак: Эўхарыстыя – гэта сіла для грэшнікаў


Эўхарыстыя – гэта не толькі ўзнагарода для добрых, але і сіла для грэшнікаў, напісаў Францішак у пасланні ўдзельнікам Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэса ў Індыі. Ён праходзіць 12-15 лістапада 2015 г. у Мумбаі з ўдзелам папскага легата, кардынала Малькальма Ранджыта з Шры-Ланкі, на тэму: “Накормленыя Хрыстом, каб накарміць іншых”.

Пантыфік выказаў перакананасць у тым, што Кангрэс з’яўляецца дарам Божым, і не толькі для індыйскіх хрысціян, але і для ўсіх жыхароў краіны, так багатай культурнай і рэлігійнай разнастайнасцю. Ён патлумачыў, што “камунія з Панам” вядзе нас да салідарнасці з іншымі людзьмі.

Закранаючы тэму Кангрэса, Францішак адзначыў, што людзі па ўсім свеце маюць патрэбу ў ежы, якая б задаволіла не толькі іх фізічны голад. Таму тыя, хто сілкуецца Целам і Крывёю Хрыста, не могуць быць абыякавымі да братоў і сясцёр, якія пакутуюць ад голаду, не толькі фізічнага, але і голаду любові, бессмяротнасці, пачуццяў, увагі, прабачэння, міласэрнасці.

Папа заклікаў несці радасць Евангелля тым, хто яшчэ не прыняў яго, а надзею тым, хто “жыве ў цемры і роспачы”.








All the contents on this site are copyrighted ©.