2015-11-12 14:26:00

Пантыфік: свецкі вернік – гэта не другасная асоба


Свецкія вернікі не з’яўляюцца другаснымі асобамі, якія абслугоўваюць іерархію, або звычайнымі выканаўцамі каманд, якія паступаюць зверху. Яны – вучні Хрыста, закліканыя да адраджэння любога асяроддзя, у адпаведнасці з духам Евангелля, напісаў папа Францішак. 12 лістапада 2015 г. у Ватыкане было апублікавана яго пасланне да ўдзельнікаў сустрэчы, арганізаванай Папскай радай па справах свецкіх у сувязі пяцідзесятай гадавінай саборнага дэкрэту “Apostolicam Actuositatem”.

Святы Айцец падкрэсліў важнасць Другога Ватыканскага Сабору і назваў яго “ўнікальнай падзеяй ласкі”. Ён адзначыў, што адным з яго шматлікіх плёнаў стаў новы погляд на пакліканне і місію свецкіх у Касцёле і ў свеце. Саборныя дакументы ставяцца да вернікаў як да часткі Божага народа, да якога яны належаць разам з духавенствам і законнікамі, беручы ўдзел адпаведным для іх чынам у святарскай, прароцкай і каралеўскай місіі Хрыста. 

Спасылаючыся на змест дэкрэта “Apostolicam Actuositatem”, Святы Айцец адзначыў, што яго галоўная ідэя сумуецца ў перакананні, што хрысціянскае пакліканне па сваёй прыродзе з’яўляецца таксама пакліканнем да апостальскага служэння. Адсюль абвяшчэнне Евангелля не зарэзервавана для “прафесійных місіянераў”, але павінна быць глыбокім жаданнем усіх свецкіх, якія пакліканы ў сілу свайго хросту не толькі да адраджэння хрысціянскай верай часовай сферы, але і да спраў выразнай евангелізацыі, абвяшчэння і асвячэння людзей.

Папа адзначыў, што, хоць Сабор ўжо прынёс шмат добрых плёнаў, неабходна пастаянна прачытваць яго нанова і засвойваць тое, што мы атрымалі праз Святога Духа, і што было перададзена нам Касцёлам. Ён нагадаў, што прыняцце Другога Ватыканскага Сабору і ўнясенне яго плёнаў у жыццё кожнай хрысціянскай супольнасці былі сярод самых важных пастырскіх клопатаў св. Яна Паўла II, які апісаў гэтую падзею як праўдзівае прароцтва для Касцёла, чым Сабор застаецца ў трэцім тысячагоддзі. 

Францішак пажадаў, каб рымскі форум стаў для ўсіх, душпастыраў і свецкіх вернікаў, стымулам да таго ж гарачага жадання жыць і рэалізаваць Сабор, несучы свету святло Хрыста.








All the contents on this site are copyrighted ©.