2015-11-11 12:57:00

Пантыфік прыняў дэлегацыю з Босніі і Герцагавіны


11 лістапада 2015 г. перад агульнай аўдыенцыяй у Ватыкане Францішак сустрэўся з старшынёй Прэзідыума Босніі і Герцагавіны, харватам Драганам Човічам і прадстаўнікамі касцёльна-дзяржаўнага камітэту, які рыхтаваў яго падарожжа ў Сараева 6 чэрвеня 2015 г.

Пантыфік падзякаваў за візіт і падкрэсліў, што ўспаміны аб ім жывуць у яго сэрцы, а ад народа Босніі і Герцагавіны ён навучыўся здольнасці пераносіць пакуты, прабачаць, уз’ядноўваць сілы для сумеснай працы і весці дыялог. Ён падкрэсліў, што гэты прыклад можа служыць усяму чалавецтву.

Святы Айцец папрасіў перадаць яго прывітанне ўсім жыхарам краіны, у тым ліку сербам і баснійцам. Ён заахвоціў развіваць дыялог паміж гэтымі групамі. Асаблівыя словы прывітання Папа накіраваў моладзі Босніі і Герцагавіны, узгадваючы тыя пытанні, якія маладыя людзі задалі яму падчас чэрвеньскага візіту. У канцы аўдыенцыі Святы Айцец удзяліў прысутным і іх краіне апостальскае благаслаўленне.








All the contents on this site are copyrighted ©.