2015-11-11 15:21:00

Дзяржсакратар: уцечка дакументаў – напад на Касцёл


Апублікаваная нядаўна інфармацыя пра безгаспадарчасць у Ватыкане з’яўляецца нападам на Касцёл, але гэта можа мець і станоўчыя наступствы, лічыць кардынал Пьетра Паралін. Ён даў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. Дзяржсакратар Яго Святасці Папы паведаміў пра “прыгнятальную атмасферу” і “пэўную істэрычнасць” СМІ ў інфармаванні пра падзеі, якія адбываюцца ў Ватыкане. “Гэта напады на Касцёл. Тым не менш, яны могуць прывесці да добрага, калі прымем іх у духу пакаяння і навяртання да Евангелля, чаго патрабуе ад нас Пан”, - сказаў кардынал.

Папа падчас сустрэчы з вернікамі ў мінулую нядзелю, кажучы аб крадзяжы і публікацыі канфідэнцыйных дакументаў Святога Пасаду, назваў гэта дзеянне злачынствам і актам, годным шкадавання. Ён таксама запэўніў, што рэформы, пачатыя ім, будуць працягвацца. 

Адказваючы на пытанне, ці ў Ватыкане існуе апазіцыя адносна рэформ, кардынал Паралін падкрэсліў, што змены заўсёды цяжкія, таму што тычацца пераадолення пэўнай інертнасці. “Прызнаць такі супраціў, як нешта звычайнае, не дастаткова, але і называць яго нечым хваравітым, занадта шмат. Ён проста прысутнічае”, - сказаў кардынал Дзяржсакратар. Іерарх выступае за тое, каб да такога роду супраціву падысці канструктыўна, так, каб яго можна было змяніць. “На самой справе, мы ўсе хочам змен да лепшага, аб чым Папа і прасіў Рымскую курыю”, - адзначыў ён.

На мінулым тыдні ў Італіі былі апублікаваны дзве кнігі аб, маўляў, недастатковай празрыстасці і безгаспадарчасці ў Ватыкане на аснове выкрадзеных дакументаў Святога Пасаду. Яны ўключаюць у сябе, сярод іншага, справаздачы з канфідэнцыйных размоў паміж Папам і яго бліжэйшымі паплечнікамі, запісанымі ў таямніцы і перададзенымі журналістам. Апісаныя ў публікацыі падзеі датычаць перыяду да 2014 г. З кніг ускосна вынікае, што Францішак працуе над рэформай Рымскай курыі з вялікай рашучасцю.

Хто і ад імя каго скраў дакументы з архіваў, пакуль невядома. Да гэтага часу пад падазрэннем знаходзяцца дзве асобы: кс. Лусіа Анхель Вальеха Бальда і спадарыня Франчэска Шаўкі.








All the contents on this site are copyrighted ©.