2015-11-10 12:37:00

Францішак у Прата: змагацца з пухлінай карупцыі


Не заставацца закрытымі ў абыякасці, але дасягнуць тых, з кім можна раздзяліць радасць сустрэчы і цяжкасці шляху. З такімі словамі папа Францішак звярнуўся да супольнасці тасканскага горада Прата, у які прыбыў на верталёце раніцай 10 лістапада 2015 г. 

Звяртаючыся да сабраных на цэнтральнай плошчы людзей, Пантыфік нагадаў, што заклік Пана да выйсця насустрач іншым звязаны з пэўнага роду рызыкамі. Але “няма веры без рызыкі”, заўважыў ён. “Вера, якая думае толькі пра саму сябе і застаецца закрытай у хаце – няверная запрашэнню Пана, які кліча сваіх узяць ініцыятыву і пачаць дзейнічаць без страху”, - падкрэсліў Пантыфік. Паводле слоў Святога Айца, Бог давярае вернікам вялікую адказнасць і прагне, каб у іх нарадзіўся місійны запал. 

“Ён просіць Касцёл, сваю Нявесту, крочыць па заблытаных сцежках сучаснасці, суправаджаць тых, хто згубіўся; устанаўліваць намёты надзеі і прымаць у іх параненых і тых, хто больш нічога не чакае ад жыцця. Аб гэтым нас просіць Пан!”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец падзякаваў супольнасці горада Прата за намаганні па інтэграцыі людзей у сваё грамадства насуперак культуры абыякавасці і маргіналізацыі, за падтрымку самых слабых і сем’яў.

Папа нагадаў пра заклік св. Паўла, апрануцца ў даспехі Божыя – цноты неабходныя, каб супрацьстаяць сапраўдным ворагам, якімі ніколі не з’яўляюцца іншыя людзі, але толькі “злыя духі”. Першым з іх элементаў з’яўляецца праўда. “Мы павінны падперазацца праўдай. Немагчыма пабудаваць нічога добрага на падмане ці адсутнасці празрыстасці. Шукаць і рабіць выбар на карысць праўды нялёгка. Тым не менш, гэта жыццядайнае рашэнне, якое павінна глыбока пазначаць існаванне кожнага чалавека, а таксама грамадства, каб станавіліся больш справядлівымі і сумленнымі”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што сакральнасць кожнай чалавечай істоты патрабуе  павагі, прыняцця і годнай працы. У сувязі з гэтым ён узгадаў, як некалькі гадоў таму, падчас пажару ў прамысловай зоне Прата, загінулі сем працаўнікоў з Кітаю, якія жылі і працавалі ў рабскіх умовах.

“Гэта трагедыя эксплуатацыі і бесчалавечых умоваў жыцця! Гэта праца без годнасці! Жыццё кожнай супольнасці патрабуе глыбокай барацьбы з пухлінай карупцыі, пухлінай чалавечай і працоўнай эксплуатацыі і атрутай незаконнасці. У нас саміх і разам з іншымі будзем нястомна змагацца за праўду і справядлівасць!”, - заклікаў Святы Айцец. 

На заканчэнне сваёй прамовы Францішак пажадаў мясцовай моладзі пазбягаць песымізму і адчаю і заахвоціў людзей, прыгнечаных рознымі жыццёвымі абставінамі, давяраць Панне Марыі. Пасля сустрэчы з жыхарамі Прата Папа накіраваўся ў Фларэнцыю. 








All the contents on this site are copyrighted ©.