2015-11-10 13:33:00

Папа ў Фларэнцыі: наша вера – рэвалюцыйная


Папа Францішак марыць, каб Касцёл у Італіі быў блізкім да людзей і не прывязаным да ўлады. Пра гэта ён распавёў 10 лістапада 2015 г. сабраным у катэдральным касцёле Фларэнцыі ўдзельнікам агульнаітальянскага касцёльнага кангрэсу, які праходзіць тут пад дэвізам “У Езусе Хрысце новы гуманізм”.

У сваёй прамове Пантыфік падкрэсліў, што Хрыстус прыняў на сябе аблічча “нашых абяздоленых братоў”. Яно падобна на твары многіх прыгнечаных, зняволеных і бедных. Папа заўважыў, што хрысціянскі гуманізм не абстрактны, але заснаваны на пачуццях самаго Хрыста. Ён гарыць унутранай сілай, што вядзе да прыняцця рашэнняў. 

Пантыфік папярэдзіў аб небяспецы камфармізму і “закрытасці ў правілах”, якая пераўтварае ў бязлітасных суддзяў. “Наш абавязак заключаецца ў тым, каб рабіць гэты свет лепшым месцам і змагацца. Наша вера – рэвалюцыйная, дзякуючы імпульсу, які паходзіць ад Святога Духа”, - сказаў ён. “Мы павінны ісці за гэтым імпульсам, каб выходзіць па-за сябе, каб быць людзьмі паводле Евангелля Езуса”, - дадаў Пантыфік. Ён нагадаў таксама, што для святых, прыніжэнне і беднасць былі сапраўдным благаслаўленнем.

Такія пачуцці Езуса, як пакора, бескарыслівасць і благаслаўленне, на думку Францішка, актуальныя для Касцёла ў Італіі. “Гэтыя рысы кажуць, што мы не павінны быць прывязанымі да “улады”, нават калі яна набывае аблічча выгоднай і функцыянальнай для сацыяльнага вобразу Касцёла. Калі Касцёл не прыме на сябе пачуццяў Езуса – згубіцца, згубіць сэнс. Аднак, калі іх прыме, стане здольным быць на вяршыні сваёй місіі. Пачуцці Езуса нам кажуць, што Касцёл, які б думаў пра самога сябе і пра ўласную выгаду, быў бы сумным”, - перакананы Святы Айцец.

Францішак звярнуў увагу на дзве спакусы, якія пагражаюць Касцёлу. Першая з іх заключаецца ў пакладанні надзеі на дасканалыя структуры і абстрактнае планаванне. Папа папярэдзіў перад пошукам рашэнняў у кансерватызме і фундаменталізме, бо хрысціянскае навучанне не з’яўляецца закрытай сістэмай, але той, якая павінна быць здольнай узрушваць і натхняць.

Другая спакуса, на яго думку, заключаецца ў празмерным даверы да лагічнага і яснага разважання. Пантыфік падкрэсліў, што розніцай паміж хрысціянскай трансцэндэнтнасцю і гнастытычным спірытуалізмам з’яўляецца таямніца Уцелаўлення. 

Папа нагадаў пра важнасць прастаты ў жыцці Касцёла і паставіў у прыклад літаратурнага персанажа – Дона Каміла – які ведаў кожнага свайго парафіяніна асабіста. Ён заклікаў духавенства наследаваць гэты прыклад, а біскупаў быць, перш за ўсё, пастырамі. Францішак выкарыстаў вобраз біскупа, які едзе ў метро і абапіраецца на людзей, каб не ўпасці. Ён падкрэсліў, што менавіта людзі дапамагаюць біскупу трымацца.

Святы Айцец заклікаў духавенства гаварыць пра тое, што на самой справе з’яўляецца істотным – пра Езуса Хрыста, які за людзей памёр і ўваскрос. Касцёл, на яго думку пакліканы пастаянна абнаўляцца, быць адкрытым і свабодным. 








All the contents on this site are copyrighted ©.