2015-11-09 14:52:00

Папа жадае сустрэцца з беднымі Фларэнцыі


Падчас свайго душпастырскага візіту ў Фларэнцыю, які пройдзе 10 лістапада 2015 г., Святы Айцец паабедае ў мясцовай каталіцкай сталоўцы, названай у гонар св. Францішка Асізскага. Папа асабіста папрасіў уключыць гэту пункт ў праграму свайго візіту. Кампанію яму складуць каля 60 чалавек – бедных людзей, якія штодзённа атрымліваюць тут гарачую ежу, а таксама маральную і духоўную падтрымку.

Падчас наведвання гэтай установы Пантыфік не будзе карыстацца ніякімі прывелеямі. Гэта значыць, што пры ўваходзе ён атрымае білет на пасілак, а ежу будзе спажываць з пластыкавага посуду за вялікім сталом, разам з усімі. Менавіта так абедаюць тут штодзённа сотні патрабуючых: людзей, якія згубілі працу, жыллё, але не згубілі годнасць.

Галоўнай мэтай візіту ў рэгіён Таскана для папы Францішка стане ўдзел у V Нацыянальным касцёльным кангрэсе. У форуме прымуць удзел каля 2,5 тыс. дэлегатаў, сярод якіх біскупы ўсіх італьянскіх дыяцэзій. Сваёй сустрэчай з фларэнтыйскімі беднякамі Пантыфік жадае паказаць Касцёлу ў Італіі, што для таго, каб даць новае жыццё хрысціянскаму гуманізму, неабходна пачынаць ад самых апошніх, з тых “экзістэнцыяльных перыферыі”, якія знаходзяцца ў цэнтры ўвагі падчас яго пантыфікату.

У рамках свайго душпастырскага візіту ў Таскану, Францішак сустрэнецца з прадстаўнікамі свету працы ў горадзе Прата, які з часоў сярэдневечча з’яўляецца прамысловым і камерцыйным цэнтрам рэгіёна. У Фларэнцыі, акрамя абеду з беднымі, Святы Айцец звернецца да ўдзельнікаў касцёльнага кангрэсу, памоліцца з хворымі і інвалідамі і ўзначаліць Эўхарыстыю на гарадскім стадыёне.








All the contents on this site are copyrighted ©.