2015-11-09 15:34:00

Папа: гаміліі павінны быць кароткімі і простымі


9 лістапада 2015 г. папа Францішак здзейсніў візіт у базыліку св. Яна на Латэране, з нагоды свята гадавіны яе пасвячэння. Тут Святы Айцец узначаліў урачыстую Эўхарыстыю і ўдзяліў біскупскую сакру кс. Анджэла Дэ Данацісу, былому пробашчу рымскай парафіі св. Марка Евангеліста. 

14 верасня 2015 г. святар быў прызначаны дапаможным біскупам Рымскай дыяцэзіі. Вясной 2014 г. ён праводзіў велікапостныя духоўныя рэкалекцыі для Папы і супрацоўнікаў Рымскай курыі. 

У сваёй гаміліі папа Францішак нагадаў, што ў асобе біскупа прысутнічае сам Езус Хрыстус, вечны першасвятар. “Гэта Хрыстус працягвае праз служэнне біскупа прапаведваць Евангелле збаўлення і асвячаць вернікаў праз сакрамэнты веры; гэта Хрыстус, у бацькоўстве біскупа стварае новых членаў свайго цела, якім з’яўляецца Касцёл; гэта Хрыстус, у мудрасці і пільнасці біскупа, вядзе народ Божы ў зямной пілігрымцы аж да вечнага шчасця”, - сказаў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што біскупства – гэта не прывелей, а служэнне. Ён таксама адзначыў, што абавязкам біскупа з’яўляецца абвяшчэнне Божага слова пры кожнай нагодзе. “Твае словы павінны быць простымі, каб усе іх разумелі, а гаміліі не павінны быць доўгімі. Дазволю сказаць табе: узгадай, наколькі быў шчаслівым твой бацька, калі знайшоў недалёка ад вёскі парафію, у якой св. Імша цэлебравалася без гаміліі! Гаміліі, павінны быць менавіта перадачай ласкі Божай: простымі, каб усе іх разумелі і каб усе набывалі жаданні станавіцца лепшымі”, - сказаў ён.

Біскупу Дэ Данацісу Святы Айцец асаблівым чынам даверыў выхаванне святароў, дыяканаў і семінарыстаў, а таксама клопат пра бедных і патрабуючых абароны. Ён заклікаў іерарха быць міласэрным і вучыць міласэрнасці духавенства Рымскай дыяцэзіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.