2015-11-07 10:58:00

Пантыфік даў інтэрв'ю газеце галандскіх беднякоў


Папа Францішак даў інтэрв’ю галандскай газеце “Straatnieuws” – выданню, якое распаўсюджваецца беднымі людзьмі на вуліцах горада Утрэхт. Веруючы чалавек не можа казаць пра беднасць ці бяздомных і весці жыццё фараона, сцвердзіў Святы Айцец.

Адказваючы на пытанне аб сваім дзяцінстве, Францішак адзначыў, што вырас у звычайным раёне Буэнас-Айрэса. Пасля заняткаў у школе граў з сябрамі ў футбол, але не быў добрым гульцом. “Аб такіх як я, казалі, што мае дзве левыя нагі. Я ўсё роўна граў, але часта на варотах”, - падзяліўся ўспамінамі Пантыфік. 

Папа распавёў, што яго сям’я не была багатай: не мела аўтамабіля і не выязджала далёка ў адпачынак. Да канца месяцу, аднак, грошай хапала. Яны таксама дапамагалі адной беднай жанчыне, маці двух дзяцей, якая часта не мела нават рэчаў першай неабходнасці. “Яе беднасць мяне ўразіла. Я падтрымліваў з ёй кантакт і будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса”, - прызнаўся Пантыфік. Жанчына памерла ў 93-гадовым узросце, а незадоўга да смерці падарыла яму медальён з выявай Найсвяцейшага Сэрца Езуса, які Папа носіць да сённяшняга дня. “Дзякуючы яму я штодзённа думаю пра гэту жанчыну і пра тое, што яна выцярпела з прычыны беднасці. І думаю таксама пра ўсіх пакутуючых. Нашу яго і малюся”, - распавёў Францішак.

Гаворачы аб рызыцы палітычнага выкарыстання заклікаў да салідарнасці з беднымі, Святы Айцец звярнуў увагу на дзве спакусы. Першая тычыцца слоў не звязаных з канкрэтнымі ўчынкамі. “Касцёл павінен казаць праўду, але таксама даваць сведчанне беднасці. Вернік не можа казаць пра беднасць ці бяздомных і весці жыццё фараона”, - заўважыў Папа. Другая спакуса, на яго думку, тычыцца несумленнага выкарыстання сродкаў, прызначаных беднякам. “Усе рахункі павінны кантралявацца, каб пазбегнуць карупцыі. Заўсёды існуе спакуса карупцыі, як ў грамадскім жыцці, так і ў палітычным і рэлігійным”, - падкрэсліў Францішак.

Святы Айцец заўважыў таксама, што касцёльная маёмасць прызначана на падтрымку структур Касцёла і рэалізацыю шматлікіх сацыяльных праектаў: у галіне аховы здароўя, адукацыі і культуры. Мастацкія скарбы, якія ахоўваюцца Касцёлам, паводле слоў Папы, з’яўляюцца скарбамі ўсяго чалавецтва і таму не могуць быць прададзены. На продаж, аднак, выстаўляюцца многія іншыя рэчы, напрыклад дарагія падарункі, які атрымлівае Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.