2015-11-04 13:23:00

Кардынал пра “палітычны імпульс” новай энцыклікі


Перад буйной міжнароднай канферэнцыяй, якая пройдзе ў канцы лістапада ў Парыжы на тэму змен клімату, старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці, кардынал Рэйнхард Маркс заклікаў да большай прыхільнасці да абароны навакольнага асяроддзя, таксама і пасля заканчэння гэтага форуму.

“Касцёл не павінен мець падрабязных прапаноў аб канкрэтных мерах у гэтым кірунку, але можа і павінен нагадваць, што мы не можам так далей рабіць”, - сказаў у інтэрв’ю нямецкаму каталіцкаму агенцтву “KNA” іерарх. “Калі мы не хочам паставіць пад доўгатэрміновую пагрозу жыццё чалавека, мы павінны дзейнічаць і зменшыць або цалкам спыніць змяненне клімату”, - дадаў ён. 

Арцыбіскуп Мюнхенска-Фрайзінгскі адзначыў, што на патрэбу змены менталітэту ў гэтым пытанні звярнуў увагу Францішак у сваёй энцыкліцы „Laudato si'”. Папа ясна кажа, што абарона стварэння з’яўляецца часткай хрысціянскай веры, такім чынам, ён кладзе канец любым сумневам, што сацыяльныя і экалагічныя праблемы не з’яўляюцца задачай Касцёла. Кардынал Маркс перакананы, што сваёй энцыклікай аб абароне стварэння Пантыфік даў “палітычны імпульс” кліматычнай канферэнцыі ААН у Парыжы. “У кантэксце сусветнай палітычнай падзеі такія рэчы раней ніколі не здаралася”, - падкрэсліў ён.

Старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці заўважыў, што змяненне клімату можа прывесці да таго, што яшчэ больш людзей пакінуць свае краіны. Сённяшняя праблема бежанцаў, на яго думку, у нейкай ступені пацвярджае ідэю Папы, што глабальнае змяненне клімату з’яўляецца складанай пагрозай для годнага жыцця людзей. Кліматычныя змены датычаць не толькі навакольнага асяроддзя. Гэта заклік да пабудовы глабальнай экалагічнай справядлівасці, якая ахоплівае шматлікія пакаленні, сказаў кардынал Маркс.








All the contents on this site are copyrighted ©.