2015-11-03 10:57:00

Святы Пасад абверг словы, якія прыпісалі Пантыфіку


Словы, якія заснавальнік італьянскай газеты “La Repubblica” прыпісвае Святому Айцу, адносна разведзеных, што жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах, не могуць разглядацца ў якасці надзейнай інфармацыі, якая адлюстроўвае думку Папы, сказаў 2 лістапада 2015 г. кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду кс. Фэдэрыка Ламбардзі.

Эуджэніа Скальфары заявіў у артыкуле, апублікаваным 1лістапада, што ў тэлефонным інтэрв’ю Францішак запэўніў яго, што рана ці позна ўсе разведзеныя, якія жывуць у новых саюзах, пасля адпаведнай просьбы будуць дапушчаныя да св. Камуніі.

Кс. Ламбардзі нагадаў у каментары для “National Catholic Register”, што, як гэта ўжо адбывалася ў мінулым, Скальфары заключае ў цытату словы, якія Папа нібыта сказаў яму, хоць сам журналіст прызнаецца, што не запісвае размовы са Святым Айцом. Таму, гэта ўсё можна лічыць не адпавядаючым рэчаіснасці. 

“Такім чынам, ясна, што тое, што ён кажа ў нядаўнім артыкуле аб разведзеных, якія жывуць у новых саюзах, ні ў якай меры не можа быць годным даверу і не можа разглядацца як адлюстраванне думкі Святога Айца”, - сказаў афіцыйны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.