2015-11-03 14:00:00

Папа маліўся за памерлых кардыналаў і біскупаў


Не быць функцыянерамі, якія аказваюць паслугі, але ўмілаванымі сынамі, якія дораць жыццё свету, заклікаў папа Францішак прысутных на Эўхарыстыі ў інтэнцыі памерлых на працягу апошняга году кардыналаў і біскупаў. Пантыфік узначаліў яе 3 лістапада 2015 г. у ватыканскай базыліцы св. Пятра.

Узгадваючы аб памерлых іерархах, якія годна служылі Касцёлу, Святы Айцец пахіліўся над сэнсам служэння. Той, хто служыць і дорыць сябе, у вачах свету з’яўляецца няўдачнікам, падкрэсліў Папа. Але “на самой справе, менавіта губляючы жыццё, можна знайсці яго”. Хто ахвяруе сябе іншым, на падабенства Хрыста, здзяйсняе перамогу над смерцю і дае жыццё свету, адзначыў ён. 

Паводле Францішка, “стыль Бога”, які збаўляе людей праз служэнне і адмаўленне ад сябе – павучальны. “Мы чакаем трыумфальнай Боскай перамогі, а Езус, аднак, паказвае нам перамогу найпакорнейшую. Узвышаны на крыжы, Ён дазволіў, каб зло і смерць апалчыліся супраць Яго, але працягваў любіць”. 

Гэту таямніцу складана прыняць, але яе сутнасць заключаецца ў сіле любові. Дзякуючы любові, Езус не толькі знішчыў зло, але перамяніў яго ў дабро. “Ён не змяніў рэчы словамі, але справай: не толькі знешне, але па сутнасці; не павярхоўна, але карэнным чынам. Ён учыніў з крыжа мост да жыцця. Таксама і мы можам перамагчы з Ім, калі зробім выбар на карысць дбайнай і пакорнай любові, якая застанецца пераможнай назаўсёды. Гэта любоў, якая не крычыць і не навязвае сябе, здольная чакаць з даверам і цярплівасцю”, - сказаў Папа.

На заканчэнне сваёй гаміліі Пантыфік заклікаў прасіць Бога аб ласцы, ставіць на першае месца не ўласныя патрэбы, але любоў да Яго і бліжніх; клапаціцца пра нябесныя скарбы, а не пра зямныя; прасіць, каб Пасхі Пана было дастаткова для жыцця; каб быць свабоднымі ад турботаў пра эфемерныя рэчы, якія мінаюць і знікаюць у нікуды; каб было дастаткова Яго, у кім ёсць жыццё, збаўленне, уваскрасенне і радасць; каб быць слугамі паводле Яго сэрца; каб быць не функцыянерамі, якія аказваюць паслугі, але ўмілаванымі сынамі, якія дораць жыццё свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.