2015-11-02 14:35:00

У Ватыкане былі арыштаваны дзве асобы


Зала Друку Святога Пасаду паведаміла 2 лістапада 2105 г. аб крымінальным расследаванні, якое вядзе на працягу апошніх месяцаў Ватыканская жандармерыя ў сувязі з выкраданняем і распаўсюджваннем канфідэнцыйных дакументаў. Вынікам расследвання стаў выклік на допыт і ўзяцце пад варту двух асоб.

Гаворка ідзе пра кс. Лусіа Вальеха Бальда і Франчэску Шаўкі, адпаведна сакратара і члена Камісіі па вывучэнні рэформы эканамічна-адміністрацыйнай структуры Святога Пасаду, створанай Папам у ліпені 2013г., а затым распушчанай пасля завяршэння тэрміну яе паўнамоцтваў. Спадарыня Шаўкі ўжо вызвалена з-пад варты.

Раскрыццё канфідэнцыйнай інфармацыі і дакументаў з’яўляецца злачынствам у адпаведнасці з артыкулам 10 Закона IX Дзяржавы Ватыкан.

Зала Друку пракаментавала таксама інфармацыю аб выданні ў Італіі кніг, якія ўтрымліваюць канфідэнцыйную інфармацыю аб ватыканскіх фінансах. У гэты раз, як і ў мінулым, гаворка ідзе пра сур’ёзную здраду даверу Папы. Аўтары скарысталіся незаконным спосабам атрымання канфідэнцыйных дакументаў, што можа пацягнуць за сабой прававыя наступствы. “Публікацыі такога роду ў любым выпадку не спрыяюць усталяванню яснасці і праўды, наадварот, сеюць блытаніну і частковыя і тэндэнцыйныя тлумачэнні”, - гаворыцца ў афіцыйнай заяве Святога Пасаду.








All the contents on this site are copyrighted ©.