2015-11-02 14:04:00

Папа: восем благаслаўленняў – шлях да святасці


Восем благаслаўленняў паказваюць праўдзівы шлях да святасці кожнага чалавека, сказаў Францішак у сваёй гаміліі 1 лістапада 2015 г. падчас вячэрняй св. Імшы на рымскім могілках “Кампа Верана” (Cimitero del Verano). Ва ўрачыстасць Усіх Святых ён маліўся там за памерлых, якія спачываюць як на гэтых найбуйнейшых могілках сталіцы Італіі, так і ва ўсіх месцах у свеце.

Разважанні Святога Айца былі заснаваны на словах Езуса, якiя ўтрымлiваюцца ў благаслаўленнях, абвешчаных Ім вучням і натоўпу ля Галілейскай мора. Гэты шлях пралягае “супраць плыні”, але “Езус кажа нам, што той, хто ім ідзе, (...) рана ці позна становіцца шчаслівым”, - адзначыў Пантыфік.

Гаворачы чаргова аб кожным з благаслаўленняў, Францішак звярнуў увагу на іх свайго роду парадаксальнасць. Сапраўды, цяжка зразумець шчасце людзей, якія плачуць, але “той, хто ў жыцці ніколі не перажыў смутку, бедстваў, болю, ніколі не адчуе і сілы суцяшэння”, сказаў ён і дадаў, што “шчаслівым можа быць той, хто ў стане перажываць, адчуваць у сэрцы пакуты, прысутныя ў жыцці яго і іншых”.

Цяжка зразумець благаслаўленне быць лагодным, таму што людзі часта нецярплівыя, нервовыя, гатовыя скардзіцца. “У нас ёсць шмат прэтэнзій да іншых, але калі яны датычаць нас, мы рэагуем крыкам, як быццам мы былі гаспадарамі свету, а ў рэальнасці ўсе мы дзеці Божыя”, - патлумачыў Папа. Ён адзначыў, што шчаслівыя тыя, хто ў стане дараваць і праявіць міласэрнасць, хто не судзіць ўсіх і ўся, але спрабуе паставіць сябе ў сітуацыі іншых. Міласэрнасць неабходна ўсім, без выключэння. Калі мы ў стане дараваць іншых, просячы ў той жа час таго ж для сябе, мы сапраўды благаслаўлёныя, сказаў Пантыфік.

Ён адзначыў, што тыя, хто сее куколь і блытаніну або эксплуатуе іншых, не могуць быць шчаслівымі. І наадварот, тыя, хто штодня цярпліва спрабуюць будаваць спакой і прымірэнне – благаслаўлёныя, таму што яны з’яўляюцца праўдзівымі дзецьмі Нябеснага Айца.
 
“Гэта шлях да святасці і, у той жа час, да шчасця. Гэты шлях прайшоў Езус, больш за тое – Ён сам ім з’яўляецца. Той, хто ідзе з Ім і праз Яго, прыходзіць да жыцця, да вечнага жыцця”, - сказаў Святы Айцец. Ён заклікаў прысутных на рымскіх могілках прасіць у Бога ласкі, быць простымі і сціплымі людзьмі, ласкі плакаць, быць пяшчотнымі, працуючы на карысць справядлівасці і міру, і, перш за ўсё, прасіць, каб Бог дараваў нам, і “каб мы станавіліся інструментамі Яго ласкі”.
 
Францішак падкрэсліў, што так рабілі святыя, “якія адышлі перад намі да нябеснай айчыны”. І гэта яны “суправаджаюць нас у нашай зямной пілігрымцы, заклікаючы нас, ісці наперад”. Папа пажадаў, каб заступніцтва святых дапамагло кожнаму “рухацца па шляху Езуса і выпрасіла вечнае шчасце для памерлых братоў і сясцёр”.

У канцы літургіі Пантыфік акрапіў усіх асвечанай вадой і ўдзяліў апостальскае благаслаўленне.

Могілкі “Кампа Верана” паўсталі ў XIX ст. На іх пахаваны шматлікія грамадскія, палітычныя і касцёльныя дзеячы. Тут спачывае в’етнамскі кардынал Франсуа Ксав’е Нгуэн Ван Туан, які да сваёй смерці ў 2002 г. быў старшынёй Папскай рады “Iustitia et Pax”, а раней правёў 13 гадоў як вязень сумлення ў в’етнамскіх турмах. Зараз ідзе яго беатыфікацыйны працэс. На “Кампа Верана” пахаваны таксама знакаміты каталіцкі тэолаг Эрык Петэрсан, канвертыт з пратэстантызму, гарачы праціўнік нацызму.








All the contents on this site are copyrighted ©.