2015-11-01 14:36:00

Папа перад “Анёл Панскі” пра святых “з суседніх дзвярэй”


Святыя – гэта не толькі тыя, хто быў вынесены да хвалы алтароў, але і асобы “з суседніх дзвярэй”, якія рэалізуюць Евангелле кожны дзень, заўважыў папа Францішак 1 лістапада 2015 г. падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. “Святкуючы сёння ўрачыстасць Усіх Святых, мы асабліва ярка адчуваем рэальнасць супольнасці святых, нашай вялікай сям’і, якая складаецца з усіх членаў Касцёла, і тых, хто да гэтага часу пілігрымуе на зямлі, і тых, - значна больш шматлікіх, - хто ўжо пакінуў яе, каб пайсці на Нябёсы, - звярнуў увагу Папа. - Мы ўсе ўцягнутыя ў гэта, што завецца “еднасцю святых”, а значыць супольнасцю ўсіх ахрышчаных. 

У літургіі Кніга Апакаліпсіса нагадвае важную асаблівасць святых, і кажа так: гэта асобы, якія цалкам належаць Богу. Кніга прадстаўляе іх у якасці вялікага натоўпу, “абраных”, апранутых у белае адзенне і адзначаных “пячаткаю Бога” (пар. Ап 7, 2-4. 9-14). Дзякуючы гэтай астатняй дэталі, выкарыстоўваючы алегарычную мову, падкрэсліваецца, што святыя належаць Богу цалкам і выключна, уяўляюць сабой Яго ўласнасць. А што азначае нашэнне пячаткі Бога ў сваім жыцці і ў сваёй асобе? Аб гэтым кажа той жа апостал Ян: гэта азначае, што ў Езусе Хрысце мы сталі па-сапраўднаму дзецьмі Бога (пар. 1 Ян 3,1-3).

Ці ўсведамляем мы гэты вялікі дар? Мы ўсе дзеці Божыя! Ці памятаем, што ў хросце мы атрымалі “пячатку” нашага Нябеснага Айца, і сталі Яго дзецьмі? Прасцей кажучы: мы носім прозвішча Бога, нашым прозвішчам з’яўляецца Бог, таму што мы дзеці Божыя. У гэтым і ляжыць корань паклікання да святасці! І святыя, якіх мы сёння ўзгадваем, гэта тыя, хто жыў ласкай свайго хросту, хто захаваў “пячатку”, паступаючы як дзеці Бога, спрабуючы наследаваць Езуса; і цяпер дасягнулі сваёй мэты, таму што, у рэшце рэшт, “бачыць Бога такім, якім Ён ёсць”.

Іншай адметнай рысай святых з’яўляецца іх прыклад, варты пераймання. Звярніце ўвагу, што гаворка ідзе не толькі аб кананізаваных, але і аб святых, калі можна так сказаць – “з суседніх дзвярэй”, якія дзякуючы ласцы Божай, паспрабавалі на практыцы рэалізаваць Евангелле ў штодзённасці жыцця. Такіх святых таксама сустракалі і мы. Можа хтосьці з іх быў членам нашай сям’і або адным з сяброў і знаёмых. Мы павінны быць удзячныя ім, і, перш за ўсё, мы павінны дзякаваць Богу, што даў нам іх, што паставіў іх побач з намі, як жывыя і заразныя прыклады таго, як жыць і памерці ў вернасці Пану Езусу і Яго Евангеллю. Як шмат добрых людзей мы пазналі і ведаем, і можам сказаць: “Ён святы!”. Мы кажам так спантанна. Гэта святыя з суседніх дзвярэй, не-кананізаваныя, тыя, якія жывуць побач.

Наследаванне іх спраў любові і міласэрнасці, гэта крыху, як падоўжыць іх прысутнасць у гэтым свеце. І на самой справе, гэтыя евангельскія ўчынкі з’яўляюцца адзіным, чаго не можа знішчыць смерць: нейкі жэст пяшчоты, велікадушнай падтрымкі, час, праведзены з іншым, слухаючы яго, наведзіны, добрае слова, усмешка... У нашых вачах гэтыя жэсты могуць здацца малаважнымі, але ў вачах Бога яны вечныя, бо любоў і спагада мацнейшыя за смерць.

Няхай Дзева Марыя, Каралева Усіх Святых, дапаможа нам больш і больш давярацца ласцы Божай і шчыра ісці шляхам святасці. Нашай Маці мы давяраем свае штодзённыя абавязкі і молімся да яе за нашых дарагіх памерлых, з глыбокай надзеяй, што мы сустрэнемся аднойчы, усе разам, у хвалебнай супольнасці Нябёсаў”, - сказаў Пантыфік падчас разважанняў.

На заканчэнне нядзельнай сустрэчы з вернікамі Францішак папрасіў аб малітве ў сваёй інтэнцыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.