2015-10-29 11:46:00

Святы Айцец: слабасць Бога ў Яго няздольнасці нелюбіць


Бог можа толькі любіць і Ён не асуджае. Любоў з’яўляецца Яго слабасцю і нашай перамогай, адзначыў папа Францішак 29 кастрычніка 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Пантыфік заўважыў, што апостал Павел называў хрысціянаў пераможцамі і казаў: “Калі Бог за нас, хто ж супраць нас?” Калі Бог нас збаўляе, хто нас асудзіць? 

Паводле Францішка, гэты словы могуць навесці на думку, што хрысціяне маюць “гарантыю перамогі” у сваіх руках, на падабенства ўласнасці. Нібыта, яны могуць з трыумфам сказаць: “Мы чампіёны!”. Але сэнс гэтых словаў іншы: “мы пераможцы не таму што маем гэты дар у руках, але па іншай прычыне”: таму што “ніхто не можа нас адлучыць ад любові Божай, якая ў Хрысце Езусе, Пану нашым”.

“Не тое, што мы з’яўляемся пераможцамі над нашымі ворагамі, над грахом. Не! Мы настолькі злучаны з любоўю Божай, што ніхто, ніякая сіла, нішто не можа дас аддзяліць ад гэтай любові. Павел бачыў у дары тое, што ён дае: дар пераўтварэння, перараджэння ў Езусе Хрысце. Ён убачыў любоў Божую. Любоў, якую немагчыма патлумачыць”, - сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што чалавек з’яўляецца свабодным і можа адмовіцца ад гэтага дару, аддаючы перавагу ганарлівасці ці граху. “Але дар усё раўно будзе”, таму што любоў – гэта “слабасць Божая”, падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што евангельскі вобраз Езуса, які плакаў над Ерузалемам, дазваляе “зразумець штосьці аб гэтай любові”. Ён выражае няздольнасць Бога нелюбіць, Яго няздольнасць адлучыцца ад чалавека. Бог казаў Ерузалему: “Колькі разоў Я хацеў сабраць дзяцей тваіх, як птушка сваіх птушанят пад крылы, і вы не хацелі”. Паводле Папы, гэта вобраз пяшчоты з якой Бог любіць кожнага чалавека, нават найвялікшага блюзнерцу.

“Бог плача нада мною, калі аддаляюся. Бог плача над кожным з нас, Бог плача над тымі злачынцамі, якія чыніць многія страшныя рэчы, прычыняюць шмат зла чалавецтву. Ён чакае, не асуджае, плача. Чаму? Таму што любіць”, - закончыў сваю гамілію Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.