2015-10-28 11:58:00

Францішак: пасланне “Nostra aetate” актуальна сёння


50-годдзю дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабора пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій “Nostra aetate” прысвяціў сваю катэхезу папа Францішак. Падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане 28 кастрычніка 2015 г. ён нагадаў, што тэма адносін з вызнаўцамі нехрысціянскіх рэлігій была блізка бл. Паўлу VI. За год да заканчэння Сабора ён заснаваў Сакратарыят па адносінам з нехрысціянамі, які сёння працягвае сваю дзейнасць як Папская рада па міжрэлігійным дыялогу. 

Паводле Францішка, пасланне дэкларацыі “Nostra aetate” застаецца актуальным і ў наш час. Дакумент указвае на рост узаемазалежнасці паміж народамі, на пошук чалавецтвам сэнсу жыцця, пакутаў, смерці, на супольнае паходжанне і лёс чалавечага роду, на адзінства чалавечай сям’і. Ён прадстаўляе рэлігію, як “пошук Бога і Абсалюта, унутры розных народнасцяў і культур”, а таксама кажа пра “добразычлівы і ўважлівы позірк Касцёла на рэлігіі і не адмаўленне таго, што ў іх цудоўнае і праўдзівае”. Дэкларацыя кажа пра пашану да вернікаў розных веравызнанняў і іх духоўнай і маральнай дзейнасці. Яна пацвярджае адкрытасць Касцёла на “дыялог з усімі і ў той жа час вернасць праўдзе ў якую ён верыць, пачынаючы з таго, што збаўленне, падараванае ўсім, мае свой пачатак у Езусе, адзіным збаўцы і што Святы Дух дзейнічае, як крыніца міру і любові”. 

Францішак заўважыў, што на працягу апошніх 50-ці гадоў Касцёлам было рэалізавана вялікае мноства розных падзей, ініцыятыў і кантактаў з нехрысціянскімі рэлігіямі. Асаблівым чынам ён вылучыў міжрэлігійную малітву за мір, якая прайшла ў 1986 г. у Асізі, а таксама заклік св. Яна Паўла ІІ, каб усе веруючыя ў Бога садзейнічалі сяброўству і адзінству паміж людзьмі і народамі, скіраваны да мусульманскай моладзі ў Касабланцы, 19 жніўня 1985 г. “Полымя, запаленае ў Асізі, пашырылася на ўвесь свет і з’яўляецца пастаянным знакам надзеі”, - сказаў Францішак.

Паводле слоў Папы, асаблівай удзячнасці Богу заслугоўвае сапраўдная трансфармацыя, якую на працягу гэтых 50-ці гадоў перажылі адносіны паміж хрысціянамі і юдэямі. 

“Абыякавасць і супрацьстаянне перамяніліся ў супрацоўніцтва і добразычлівасць. З ворагаў і чужынцаў мы сталі сябрамі і братамі. Сабор, праз сваю дэкларацыю “Nostra aetate”, праклаў шлях: “так” – адкрыццю юдэйскіх каранёў хрысціянства; “не” – любым формам антысемізма і асуджэнне любых абразаў, дыскрымінацый і пераследаў, якія з іх вынікаюць. Узаемнае пазнанне, павага і пашана складаюць шлях, асабліва каштоўны для адносін з юдэямі, а таксама з іншымі рэлігіямі. Я думаю асабліва пра мусульман, якія – як нагадвае Сабор – “пакланяюцца адзінаму Богу, жывому і самаіснаму, міласэрнаму і ўсемагутнаму, Стварыцелю неба і зямлі, які размаўляў з людзьмі”. Яны спасылаюцца на бацькоўства Абрагама, шануюць Езуса, як прарока, аддаюць пашану Яго Маці, Панне Марыі, чакаюць дня Суда, практыкуюць малітву, міласціну і пост”, - сказаў Пантыфік. 

Папа падкрэсліў, што ўзаемная павага гэта ўмова, і ў той жа час, мэта міжрэлігійнага дыялогу. Яна тычыцца права іншага на жыццё, фізічную цэласнасць, фундаментальную свабоду сумлення, думкі, слова і веравызнання.

“Свет глядзіць на нас, веруючых, кліча нас да супрацоўніцтва паміж сабой і людзьмі добрай волі, якія не вызнаюць ніводнай з рэлігій; патрабуе ад нас эфектыўных адказаў на многія тэмы: міру, голаду, беднасці, якая закранае мільёны людзей, крызісу навакольнага асяроддзя, насілля, асабліва, якое здзейсняецца ў імя рэлігіі, карупцыі, маральнага заняпаду, крызісу сям’і, эканомікі, фінансаў і ў першую чаргу, надзеі. Мы, веруючыя, не маем рэцэптаў ад гэтых праблем, але маем вялікі рэсурс: малітву. Малітва – гэта наш скраб, да якога прыбягаем згодна з ўласнымі традыцыямі, каб прасіць аб дарах, якіх прагне чалавецтва”, - сцвердзіў Папа. 

Святы Айцец заўважыў, што па прычыне насілля і тэрарызму, распаўсюдзілася падазронасць да рэлігій і нават іх асуджэнне. На самой справе, паколькі ніводная рэлігія не застраханава ад рызыкі фундаменалісцкіх ці эстрэміскіх адхіленняў індывідуўмаў ці груп, неабходна глядзець на пазітыўныя каштоўнасці, якімі яны жывуць і якія прапануюць, і якія з’яўляюцца крыніцамі надзеі. “Гаворка ідзе пра тое, каб узняць вочы і крочыць далей. Дыялог, заснаваны на даверлівай павазе, можа прынесці зерні дабра, якія, у сваю чаргу, стануць парасткамі сяброўства і супрацоўніцтва ў розных сферах, і перш за ўсё ў служэнні бедным, малым, пажылым, у прыняцці мігрантаў, увазе да тых, хто адрынуты. Мы можам крочыць разам з клопатам адно пра аднаго і пра стварэнне. Мы можам разам праслаўляць Стварыцеля, за тое, што падарыў нам сад свету, які трэба апрацоўваць і ахоўваць, як супольнае дабро. Мы можам рэалізоўваць супольныя задумы, каб перамагчы беднасць і забяспечыць кожнаму чалавеку ўмовы для годнага жыцця”, - сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што пазачарговы Юбілей Міласэрнасці, які хутка пачнецца, з’яўляецца нагодай для супольнай працы ў галіне “спраў міласэрнасці”. “У гэтай сферы, дзе важныя перш за ўсё спачуванне, да нас могуць далучыцца многія людзі, якія не адчуваюць сябе веруючымі ці якія шукаюць Бога і праўду, людзі, якія ставяць у цэнтр аблічча іншага, асабліва патрабуючага брата ці сястры. Але міласэрнасць, да якой мы пакліканы, абдымае ўсё стварэнне, якое Бог нам даверыў, каб клапаціліся пра яго, а не былі яго эксплуататарамі, ці яшчэ горш, разбуральнікамі. Мы павінны заўсёды прапаноўваць сябе пакінуць свет лепшым, чым мы яго атрымалі, пачынаючы ад асяроддзя ў якім жывем, праз маленькія жэсты нашага штодзённага жыцця”, - заклікаў ён.

Напрыканцы агульнай аўдыенцыі, звяртаючыся да прысутнай на ватыканскай плошчы моладзі, Пантыфік нагадаў аб важнасці таго, каб навучыцца “простай і эфектыўнай ружанцовай малітвы”, якой у Касцёле прысвечаны месяц кастрычнік.








All the contents on this site are copyrighted ©.