2015-10-28 10:16:00

Біскуп Пінскі да 90-годдзя дыяцэзіі: адраджэнне працягваецца


Урачыстасці, да якіх католікі Пінскай дыяцэзіі рыхтаваліся ўвесь год, праходзяць 27-28 кастрычніка. У гэтыя дні ў Пінску адзначаюць 90-годдзе паўстання дыяцэзіі і 145-годдзе нараджэння яе першага пастыра – Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага. Ён кіраваў дыяцэзіяй сем гадоў, памёр у 1932 годзе і быў пахаваны ў крыпце катэдральнага касцёла ў Пінску, распавёў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

“У 1925 годзе Папа ў клопаце пра палешукоў арганізаваў Пінскую дыяцэзію, афіцыйна гэта адбылося ў дзень святога Юды Тадэвуша 28 кастрычніка. Біскуп вельмі хутка распачаў руплівую душпастырскую працу ў дыяцэзіі, пераехаўшы з Навагрудка ў Пінск. Ён дабудаваў яшчэ адно крыло да старадаўняга манастырскага комплексу ў цэнтры горада, змясціўшы ў дабудаванай частцы курыю, а ў сценах кляштара - духоўную семінарыю. Так біскуп Лазінскі арганізаваў ў Пінску духоўную семінарыю, якая разам з дыяцэзіяй сёлета адзначае 90-годдзе існавання. Як дыяцэзія ганарыцца сваім першым біскупам, так і семінарыя ганарыцца сваім заснавальнікам. Мясцовыя магнаты перадалі палац біскупу Зыгмунту, але ён адмовіўся ад яго, перадаўшы для пражывання іншых святароў, бо хацеў жыць і працаваць пад адным дахам з семінарыстамі. Святарскае служэнне біскупа Зыгмунта Лазінскага прыпадала на час, калі гэтыя тэрыторыі належалі царскай Расіі. Не адзін раз біскуп падарожнічаў па імперыі, адведваючы розныя парафіі – ад Рыгі да Уладзівастока, ад паўднёвага Гомеля да самых паўночных парафій Расіі. І тады, напэўна, ён навучыўся місійнай дзейнасці і душпастырству ў паходных, вельмі складаных умовах», - сказаў біскуп.

Тагачасны стан дыяцэзіі – пасля Першай сусветнай вайны – быў вельмі крытычным: не хапала святынь, нават каплічак, было вельмі мала духавенства. Але біскуп Зыгмунт Лазінскі змог за вельмі кароткі час не толькі арганізаваць дзейнасць духоўнай семінарыі, але і аднавіў многія парафіі, прычыніўся да арганізацыі новых парафій. Калі ўзяць спіс касцёлаў Пінскай дыяцэзіі 1937-1938 гадоў – праз некаторы час пасля смерці біскупа Лазінскага, можна ўбачыць, што колькасць парафій падвоілася, і напярэдадні Другой сусветнай вайны дасягала каля 200, прыкладна столькі ж святароў працавалі ў межах дыяцэзіі. Але пачалася новая вайна і фактычна Пінская дыяцэзія існавала да 1939 году.

“У ваенныя гады і далейшы час атэізму колькасць парафій катастрафічна зменшылася – з 220 касцёлаў засталося толькі 16, і ўсе яны былі ў заходняй частцы дыяцэзіі, дзе працавалі толькі восем святароў. А ў Гомельскай вобласці на працягу 70-80 гадоў не было ніводнага святара і ніводнага каталіцкага касцёла. Ваенныя гады і дзесяцігоддзі атэізму сталі вельмі няпростым часам выпрабавання католікаў дыяцэзіі”, - адзначыў біскуп Дзям’янка. У 1991 годзе Пінская дыяцэзія была адноўлена ў межах Брэсцкай і Гомельскай абласцей і яе апостальскім адміністратарам быў прызначаны кс. Казімір Свёнтэк.

“Дзякуем Богу за тое, што прыйшла “перабудова” і на яе хвалях з’явілася магчымасць аднаўлення структур у межах парафій, колькасць якіх павялічылася амаль да васьмідзесяці, і таксама павялічылася колькасць святароў – цяпер іх працуе каля пяцідзесяці, таксама ў дыяцэзіі служаць два біскупы. З надзеяй глядзім у будучыню!”, - рэзюмаваў Біскуп Пінскі.

У праграме ўрачыстасцяў з нагоды 90-годдзя дыяцэзіі – святая Імша з асвячэннем касцёла св. Бэнэдыкта ў новым мікрараёне Пінска, канферэнцыя, прысвечаная гісторыі дыяцэзіі, і ўрачыстая святая Імша ў катэдральным касцёле ў Пінску.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія








All the contents on this site are copyrighted ©.