2015-10-27 14:55:00

Папа: наследаваць прыклад польска-нямецкага прымірэння


Наследаваць прыклад прымірэння, якое паўстагоддзi таму здзейснілі палякі і немцы, заклікаў папа Францішак. Пантыфік скіраваў сваё пасланне да ўдзельнікаў святкавання 50-годдзя ліста “Прабачаем і просім прабачэння”, якое біскупы Польшчы адправілі біскупам Германіі і на які хутка атрымалі аналагічны адказ. 

З нагоды гэтай важнай і сімвалічнай гістарычнай падзеі, па ініцыятыве пасольстваў Польшчы і Германіі пры Апостальскай Сталіцы і пад патранатам Папскай рады па культуры, прайшла серыя мерапрыемстваў, кульмінацыяй якіх стала св. Імша ў капліцы на ватыканскіх Тэўтонскіх могілках. Яе цэлебраваў кардынал Герхард Людвіг Мюлер, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, а таксама шэраг іншых ватыканскіх іерархаў і святароў з Польшчы і Германіі.

У сваім пасланні да ўдзельнікаў падзеі, Францішак нагадаў, што ліст польскіх біскупаў, сярод якіх быў тагачасны арцыбіскуп Кракаўскі Караль Вайтыла, адкрыў новую старонку ў адносінах паміж немцамі і палякамі пасля жудасных гадоў вайны. “Таксама і сёння гэты жэст можа быць прыкладам для ўсіх народаў і грамадстваў, якія знаходзяцца ў складаных сітуацыях канфліктаў”, - падкрэсліў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.