2015-10-26 15:47:00

Святы Айцец: спрыяць забароне войнаў


26 кастрычніка 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі групу вайсковых капеланаў, якія прымаюць удзел у спецыяльным курсе па міжнародным гуманітарным праве, арганізаваным у Рыме Папскай радай “Iustitia et pax”. У сваёй прамове Святы Айцец адзначыў важнасць клопату пра вайскоўцаў, якія вяртаюцца з жудаснага досведу вайны і былі сведкамі лютых злачынстваў.

Пантыфік нагадаў, што вайна “змяняе сувязі паміж братамі і краінамі”, а таксама тых, “хто становіцца сведкамі яе зверстваў”. “Гэтыя асобы і іх сем’і патрабуюць асаблівай душпастырскай увагі, клопату, які ім дазволіць адчуць мацярынскую блізкасць Касцёла”, - сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што нормы міжнароднага права павінны распаўсюджвацца і пашырацца сярод ўсіх вайскоўцаў і ўзброенных сілаў, у тымі ліку недзяржаўных, а таксама працаўнікоў службаў бяспекі і паліцэйскіх.

Францішак перакананы, што галоўнай мэтай хрысціян з’яўляецца ўвогуле забарона войнаў. Неабходна будаваць масты, а не сцены, якія раздзяляюць і спрыяць прымірэнню. “Мы ніколі не павінны паддавацца спакусе лічыць іншага толькі ворагам, якога трэба знішчыць, але перш за ўсё асобай, надзеленай адпаведнай годнасцю, створанай Богам на Яго вобраз”, - сказаў Папа і заклікаў капеланаў пашыраць гэты погляд сярод вайскоўцаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.