2015-10-26 15:24:00

Папа салідарны з хрысціянамі Блізкага Усходу


Папа Францішак прызнаўся, што моліцца, каб хрысціяне не былі вымушаны пакідаць Ірак і іншыя краіны Блізкага Усходу. Пра гэта Святы Айцец распавёў падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў Сінода Халдэйскай Каталіцкай Царквы, якіх 26 кастрычніка 2015 г. прыняў у Ватыкане.

У сваёй прамове Папа асудзіў “фанатычную нянавісць тэрарызму”, які прымушае людзей пакідаць родныя дамы. Ён нагадаў, што тэрыторыі Іраку і Сірыі блізка звязаны з біблійнай гісторыяй, а хрысціяне заўсёды працавалі тут на карысць развіцця грамадства разам са сваімі братамі-вызнаўцамі іслама.

Перад абліччам пераследу, якому яны падвяргаюцца сёння, Пантыфік запэўніў блізкаўсходніх вернікаў у падтрымцы і салідарнасці з боку Апостальскай Сталіцы. “Я малюся, каб хрысціяне не былі вымушаны пакідаць Ірак і Блізкі Усход і думаю асабліва пра сыноў і дачок вашай Царквы, з яе багатай традыцыяй”, - сказаў ён халдэйскім іерархам.

Францішак заклікаў епіскапаў спрыяць пераадоленню падзелаў ў рэгіёне, а міжнародную супольнасць, быць здольнай прыняць усе “дзейсныя стратэгіі, каб садзейнічаць дасягненню міра ў краінах, жудасным чынам разбураных нянавісцю” і аднаўленню атмасферы мірнага суіснавання.








All the contents on this site are copyrighted ©.