2015-10-25 14:48:00

Францішак: Сінод ня вычарпаў усіх пытанняў адносна сям’і


Перад Касцёлам пастаянна стаіць выклік абвяшчаць Евангелле сучаснаму чалавеку, абараняючы сям’ю ад усіх ідэалагічных і індывідуалістычных нападаў, - сказаў Францішак 24 кастрычніка 2015 г. на заканчэнне апошняй Генеральнай кангрэгацыі Сіноду Біскупаў. Ён адзначыў, што першым абавязкам Касцёла не з’яўляецца раздаванне прысудаў, але абвяшчэнне Божай ласкі, заклік да навяртання і прывядзенне ўсіх людзей да збаўлення.

Пантыфік адзначыў, што Сінод ня вычарпаў усіх пытанняў, якія тычацца сям’і, не ўдалося вырашыць усе цяжкасці і сумневы, але ўсё гэта было пастаўлена ў святле веры, каб старанна паглядзець на выклікі і стаць перад імі без страху, не ўцякаць ад іх. Было паказана, што Евангелле для Касцёла з’яўляецца жывой крыніцай вечнай навізны, супраць тых, хто хоча “дактрынізаваць” яго, ператвараючы ў мёртвыя камяні для кідання ў іншых. Паводле Папы, Сінод змог “агаліць закрытыя сэрцы, якія часта хаваюцца нават за вучэннем Касцёла, або за добрымі намерамі, каб сядзець на кафедры Майсея і судзіць, часам з пачуццём перавагі і павярхоўна, складаныя выпадкі і параненыя сям’і”, - сказаў Францішак. Ён нагадаў, што Касцёл з’яўляецца Касцёлам не толькі праведных і святых, але і ўбогіх духам і грэшнікаў, якія жадаюць прабачэння.

Пантыфік адзначыў, што Сінод выказаў розныя меркаванні і падкрэсліў неабходнасць укаранення праўдаў веры ў чалавечых культурах. “Для Касцёла заканчэнне Сінода азначае вяртанне да сапраўднага “пілігрымавання разам”, каб несці ў кожнай частцы свету, у кожнай дыяцэзіі, у кожным грамадстве і ў кожнай сітуацыі святло Евангелля, абдымкі Касцёла і падтрымку Божай міласэрнасцю”, - сказаў Святы Айцец на заканчэнне Сіноду Біскупаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.