2015-10-25 14:22:00

Францішак пра “ілюзорную духоўнасць” і “таблеткавую веру”


Шукаць евангельскія шляхі, каб абвяшчаць таямніцу любові сям’і, заклікаў папа Францішак у сваё гаміліі 25 кастрычніка 2015 г. падчас св. Імшы ў базыліцы св. Пятра на заканчэнне XIV Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў. Пантыфік перасцярог ад слепаты і глухаты да праблем свету і паказаў на небяспечную спакусу “ілюзорнай духоўнасці” і “таблеткавай веры”. Сінод праходзіў 4-25 кастрычніка 2015 г. у Ватыкане на тэму: “Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце”.

Cлепата і глухата да праблем свету можа пагражаць кожнаму, заўважыў Святы Айцец. Перад абліччам непрыстанных праблем некаторыя думаюць, што лепш ісці наперад, не даючы сабе перашкодзіць. “Такім чынам, як тыя вучні, мы з Езусам, але мы не думаем, як Езус. Мы ў Яго групе, але прапускаем адкрыццё сэрца, губляем зачараванне, падзяку і захапленне, і рызыкуем стаць людзьмі “прызвычаенымі да ласкі”, - сказаў Папа.

Францішак перасцярог ад “ілюзорнай духоўнасці”. “Мы можам прайсці праз пустыню чалавецтва, бачачы не тое, што ёсць на самой справе, а тое, што мы хацелі б бачыць. Мы можам пабудаваць вобраз свету, але не прымаем таго, што Пан ставіць перад намі. Вера, якая не можа пусціць карані ў жыцці людзей, застаецца стэрыльнай і замест аазіса, стварае большую пустыню”, - заўважыў Святы Айцец.

У сённяшніх хрысціян існуе яшчэ адна спакуса – “таблеткавай веры”. “Мы крочым за Божым народам, але ў нас ёсць асабісты план, дзе ўсё ўжо ёсць: мы ведаем, куды ісці і колькі нам трэба часу, кожны павінен паважаць наш рытм, і кожны нязручны перашкаджае нам”, - перасцярог ад такой паставы Францішак.

На заканчэнне Папа падзякаваў усім удзельнікам Сінод і заахвоціў працягваць ісці шляхам, якога жадае Бог.








All the contents on this site are copyrighted ©.