2015-10-22 13:30:00

Пантыфік: кожны дзень у напрамку святасці


Для хрысціяніна навяртанне – гэта заданне, штодзённая праца, адзначыў папа Францішак 22 кастрычніка 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Спасылаючыся на ўрывак з Паслання да Рымлянаў, які прагучаў у Літургіі слова, Пантыфік падкрэсліў, што для таго, каб перайсці ад служэння беззаконню да святасці, трэба прыкладаць пастаянныя намаганні, і рабіць гэта кожны дзень. 

Папа нагадаў пра выкарыстанне апосталам Паўлам вобразу спартсмена, чалавека, які “трэніраваўся, каб падрыхтавацца да матчу і прыкладаў для гэтага вялікія намаганні”. Падобна павінны рабіць і хрысціяне, якія імкнуцца “выйграць вялікае Неба”, адзначыў ён. 

Святы Айцец заўважыў, што дасягненне святасці – гэта не толькі плён чалавечых намаганняў, як выйгрыш спаборніцтваў у спорце. “Высілкі, якія прыкладаем, наша штодзённае служэнне Пану з душой, сэрцам, целам і жыццём толькі адчыняе дзверы Святому Духу. Гэта Ён уваходзіць у нас і нас збаўляе! Ён з’яўляецца дарам Езуса Хрыста!”, - сказаў ён.

Францішак прызнаў, што дасягненне святасці – складаная справа, таму што “наша слабаць, першародны грэх, д’ябал заўсёды цягнуць назад”, але заклікаў крочыць наперад нягледзячы на цяжкасці.

Ён паставіў у прыклад жанчыну, якую асабіста сустрэў некалькі месяцаў таму. Яна змагалася з ракавай пухлінай, але выглядала абсалютна шчаслівай і нібыта зусім здаровай. У размове з Пантыфікам яна прызналася, што прыкладае ўсе свае намаганні на барацьбу з хваробай. Так павінны рабіць і хрысціяне. “Мы, якія атрымалі гэты дар у Езусе Хрысце і перайшлі ад граху, ад жыцця ў беззаконні да жыцця дарам Хрыста, у Святым Духу, павінны рабіць тое ж. Кожны дзень – адзін крок!”, - заклікаў Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.