2015-10-21 10:57:00

Сінод: адказаць на выклік з’явы нефармальных саюзаў


Так званыя нефармальныя саюзы з’яўляюцца сапраўдным выклікам для Касцёла, лічыць кардынал Уілфрыд Фокс Напье, арцыбіскуп Дурбану ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Ён прымае ўдзел у Сінодзе Біскупаў, які праходзіць зараз у Ватыкане. Да адказу на з’яву “сумеснага пражывання”, лічыць іерарх, трэба падысці з новай сілай і стаўленнем не абавязкова адмоўным, таму што часта такія саюзы, у канчатковым рахунку прыводзяць да сужэнства.

Гаворачы пра спрашчэнне так званага “сужэнскага працэсу”, паўднёваафрыканскі кардынал адзначыў, што гэта накладвае на касцёльныя суды і біскупаў велізарную адказнасць. “Мы разумеем, што гэта патрабуе належнай падрыхтоўкі і добра адукаваных касцёльных супрацоўнікаў”, - сказаў ён 20 кастрычніка 2015 г. падчас брыфінгу ў Ватыкане.

Шмат увагі тэме сцвярджэння несапраўднасці сужэнства прысвяціў таксама іншы ўдзельнік Сіноду, іспанскі кардынал Льюіс Марцінэс Сістак. Арцыбіскуп Барселоны выказаў задавальненне рашэннем Папы спрасціць гэту працэдуру. На яго думку, жэст Святога Айца з’яўляецца актам вялікай міласэрнасці да асоб, якіх гэта тычыцца, таму што “яны могуць нанова заключыць сужэнскі саюз і пачаць новае жыццё з узнятай галавой перад Богам і касцёльнай супольнасцю”.








All the contents on this site are copyrighted ©.