2015-10-17 12:13:00

Сінод выслухаў “брацкіх дэлегатаў” і свецкіх экспертаў


16 кастрычніка 2015 г. на Сінодзе Біскупаў аб сям’і выступілі “брацкія дэлегаты” ад іншых хрысціянскіх Цэркваў і свецкія эксперты. Адзначалася, што нягледзячы на існуючыя адметнасці і розніцу ў падыходах паміж рознымі канфесіямі існуе адзінства ў разуменні сям’і, як цэнтра душпастырскай дзейнасці і фундамента грамадства. Падкрэслівалася важнасць змешаных сужэнстваў для экуменічнага шляху. Гаворка ішла аб сужэнствах, якія перажываюць крызіс і чакаюць ад Цэркваў адкрытасці і дапамогі, а не асуджэння. Некаторыя з выступоўцаў параўналі сям’ю з манаскай супольнасцю: абяцанням чыстасці, беднасці і паслухмянасці ў сужэнстве адпавядаюць вернасць, дзяленне дабротамі і давер да Бога. “Брацкія дэлегаты” звярталі ўвагу на тэму ўсынаўлення, а таксама падкрэслівалі неабходнасць у супольнай малітве і чытанні Святога Пісання ў сям’і.

Падчас брыфінгу ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы, прадстаўнік Эстонскай Апостальскай Праваслаўнай Царквы Мітрапаліт Стэфан (Хараламбідзіс), звярнуў увагу на адказнасць з якой каталіцкія біскупы прадстаўляюць свае душпастырскія заклапочанасці на Сінодзе. Ён падкрэсліў супольную праблему заканадаўстваў, якія ў імя роўнасці адмяняюць фундаментальныя адметнасці паміж мужчынам і жанчынай. Гэты выклік тычыцца не толькі хрысціянскага навучання, але асноваў усяго жыцця свету і на яго Цэрквы маюць абавязак рэагаваць, сказаў праваслаўны іерарх.

Свецкія эксперты на асамблеі дзяліліся сваімі сведчаннямі і заклапочанасцямі. Яны казалі аб важнасці паглыблення падрыхтоўкі да сужэнства, увазе да сем’яў, якія перажываюць крызіс, а таксама да ахвяраў злоўжыванняў з боку духавенства. Выказвалася занепакоенасць лёсам пажылых людзей, а таксама распаўсюджваннем гендэрнай ідэалогіі і варожай да чалавечага жыцця культуры. Свецкія эксперты крытычна характарызавалі лёгкасць і павярхоўнасць, з якой хрысціянскія жанчыны нярэдка адмаўляюцца ад уласнай рэлігійнай ідэнтычнасці, заключаючы сужэнства з прадстаўнікамі іншых веравызнанняў. 

Удзельніцы Сінода ўздымалі пытанні звязаныя з хатнім насіллем і рознага віду злоўжываннямі, але таксама казалі аб ахвярнасці, самаадданасці і здольнасці да перадачы веры, уласцівых жанчынам. Свецкія ўдзельнікі асамблеі падкрэслівалі сувязь паміж сям’ёй і грамадствам: якая будзе сям’я, такім будзе і грамадства, казалі яны.








All the contents on this site are copyrighted ©.