2015-10-17 14:55:00

Пантыфік пра жаданне больш сінадальнага Касцёла


Папа Францішак прыняў удзел у святкаванні 50-годдзя ўстанаўлення Сінода Біскупаў, якое прайшло 17 кастрычніка 2015 г. у ватыканскай зале Паўла VI. У сваёй доўгай прамове Святы Айцец сканцэнтраваўся над значэннем “Сінода”, як “супольнага шляху” Божага Народу. Ён нагадаў, што з самага пачатку свайго Пантыфікату жадаў надаць большае значэнне сінадальнай асамблеі. “Менавіта шляху сінадальнасці Бог чакае ад Касцёла ў трэццім тысячагоддзі”, сказаў ён і дадаў, што “супольны шлях свецкіх вернікаў, пастыраў, Біскупа Рыма – гэта паняцце, якое вельмі лёгка выразіць словамі, але якое складанае на практыцы”. 

Францішак звярнуў увагу на тое, што Народ Божы мае своеасаблівае “чуццё”, у пошуку “новых шляхоў, якія Пан адкрывае Касцёлу”. Перакананасць у гэтым, кіравала ім, калі пажадаў пракансультавацца з вернікамі пры падрыхтоўцы двух сесій сінадальнай асамблеі аб сям’і. “Як было б магчыма размаўляць аб сям’і не спытаўшы сем’і, не выслухаўшы іх радасці і надзеі, іх пакуты і трывогі? Праз адказы на дзве анкеты, адпраўленыя ў мясцовыя Касцёлы, мы мелі магчымасць пачуць прынамсі некаторыя з іх аб пытаннях, якія іх блізка тычацца і аб якіх маюць шмат чаго сказаць”, - заўважыў Папа.

Паводле Святога Айца, важна каб вернікі, біскупы і Біскуп Рыма прыслухоўваліся адно да аднаго і слухалі Святога Духа, каб пазнаць, што Ён кажа Касцёлу сёння. Сінадальны шлях пачынаецца са слухання Слова, а працягваецца слуханнем пастрыраў, падкрэсліў Пантыфік. Яго кульмінацыяй, паводле слоў Папы, з’яўляецца слуханне Біскупа Рыма, пакліканага выказвацца ў якасці “Пастыра і Доктара ўсіх хрысціян: не адштурхоўваючыя ад уласных перакананняў, але ў якасці найвышэйшага сведкі” веры ўсяго Касцёла. Тое, што Сінод дзейнічае заўсёды “cum Petro et sub Pietro” (...) гэта не абмежаванне свабоды, але гарантыя еднасці”, дадаў ён. На думку Францішка, словы Сінод і Касцёл – гэта сінонімы, таму што Касцёл – гэта ні што іншае, як супольны шлях Божага статку па сцежках гісторыі ў напрамку Хрыста.

Унутры Касцёла ніхто не можа быць “узвышаным над іншымі”, але наадварот неабходна, каб кожны “прынізіўся” і пачаў служыць братам, сказаў Пантыфік і заклікаў памятаць, што для вучняў Хрыста адзінай уладай з’яўляецца ўлада служэння, а адзінай сілай – сіла крыжа.

Францішак выказаўся на карысць децэнтралізацыі ў Касцёле. “Не абавязкова, каб Папа замяняў мясцовыя епіскапаты ў праніклівасці ва ўсе праблематыкі, якія трэба вырашыць на іх тэрыторыях. У гэтым сэнсе, я кажу аб неабходнасці працягваць вітаць децэнтралізацыю”, - сказаў ён.

Папа нагадаў, што ў сінадальным Касцёле ён знаходзіцца не на вяршыні, “але ўнутры яго, як ахрышчаны паміж ахрышчанымі і ўнутры Калегіі Біскупаў, як біскуп сярод біскупаў, пакліканы ў той жа час, як Наступнік апостала Пятра, кіраваць Касцёлам Рыма, які старшынствуе ў любові над усімі Касцёламі”.

Напрыканцы сваёй прамовы Францішак пажадаў, каб Касцёл, які суправаджае людзей на працягу гісторыі, дапамог таксама і градзянскай супольнасці будавацца на справядлівасці і братэрстве, нараджаючы больш прыгожы і годны чалавека свет для будучых пакаленняў. 








All the contents on this site are copyrighted ©.