2015-10-17 10:42:00

Новую камісію прапанавалі стварыць пасля Сінода


У адной з малых груп Сінода Біскупа выказвалася прапанова аб скліканні спецыяльнай камісіі экспертаў па вывучэнні пытання аб магчымасці прыняцця св. Камуніі разведзенымі, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах. Прапаноўвалася стварыць гэту новую структуру пасля заканчэння асамблеі, каб не прымаць на ёй “заўчаснага рашэння”, адзначалася 16 кастрычніка 2015 г. падчас брыфінгу ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы.

Іншыя групы казалі аб неабходнасці абапірацца на навучанне св. Яна Паўла ІІ аб сужэнстве і сям’і. Гучаў заклік аб наданні большай увагі падрыхтоўцы моладзі да сужэнства, у тым ліку ў сексуальнай сферы, якая сёння часта становіцца прэрагатывай грамадскіх структур.

Сінадальныя Айцы адзначалі частую “скаванасць і абмежаванасць” святароў перад тэмай пракрэацыі ў сужэнстве. Касцёл, аднак, павінен увайсці ў гэту сферу з яснасцю, прадстаўляючы добрую навіну аб сексуальнасці, як шляху любові, а не граху, казалі на Сінодзе.

У сувязі з гэтым падкрэслівалася важная роля хрысціянскіх сужэнскіх пар, якія могуць дапамагаць Касцёлу, як у пытаннях сужэнскай сексуальнасці, так і ў сітуацыях крызісу сужэнстваў. “Хрысціянскія пары, хрысціянскія сем’і, які маюць досвед, могуць па-місійнаму перадаваць яго іншым і быць найлепшымі месцамі адкрытасці. У такім кантэксце шматразова ўзгадваліся асноўныя рухі і асацыяцыі, якія маюць вялікі досвед у гэтай сферы і існуюць у Касцёле”, - сказаў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.