2015-10-16 10:31:00

Пантыфік наведаў новы “дарміторый” для бяздомных


15 кастрычніка 2015 г. каля 19.00, пасля завяршэння вячэрняй асамблеі Сінода Біскупаў, папа Францішак наведаў бяздомных у новым інтэрнаце, адкрытым некалькі дзён таму Апостальскай элемазінарыяй у памяшканнях Генеральнай курыі Таварыства Езуса, недалёка ад Ватыкана.

Святога Айца прывітаў Папскі элемазінарый, арцыбіскуп Конрад Краеўскі, генеральны настаяцель езуітаў а. Адольфа Нікалас, а таксама тры сястры з Кангрэгацыі Місіянерак Любові і валанцёры, якія працуюць у “дарміторыі”. Францішак прывітаў кожнага з 30 бяздомных асабіста. Візіт працягваўся амаль паўгадзіны.

Інтэрнат адчыніў свае дзверы 7 кастрычніка 2015 г. і знаходзіцца на вуліцы “via dei Penitenzieri” каля шпіталя “Santo Spirito”, недалёка ад плошчы св. Пятра. Дарміторый размешчаны ў ватыканскай экстэрытарыяльнай зоне. Ён называецца “Дар Міласэрнасці”. Тут можа адначасова знаходзіцца 34 асобы. Домам займаюцца сёстры з Кангрэгацыі Місіянерак Любові, манаскай супольнасці, заснаванай Маці Тэрэзай з Калькуты. Яны ж апякуюцца створаным у 1988 г. па ініцыятыве св. Яна Паўла II прытулкам для жанчын на тэрыторыі Ватыкана пад назвай “Дар Марыі”. Папа Францішак наведаў яго 21 мая 2013 г., амаль адразу пасля свайго абрання на Пасад св. Пятра.








All the contents on this site are copyrighted ©.