2015-10-14 14:38:00

Сінод: трынаццаць груп прадставілі свае справаздачы


Падчас 8-й Генеральнай кангрэгацыі Сінода Біскупаў, якая прайшла 14 кастрычніка ў Ватыкане, былі прадстаўлены даклады трынаццаці рабочых груп на тэму другой часткі “Instrumentum Laboris”, якая была названа “пульсуючым сэрцам” усяго Сінода. 

У цэлым, трынаццаць справаздач падкрэсліваюць неабходнасць надаваць больш увагі гэтаму раздзелу працоўнага дакумента, выкарыстоўваючы ясную і канкрэтную мову. Тут можа дапамагчы большае ўжыванне біблійных спасылак, якія былі названы “компасам” для сучаснага чалавека.

Яшчэ адзін важны момант тычыўся маладых людзей і іх боязі перад сакрамэнтам сужэнства і абавязацельствамі з ім звязанымі. Сінадальныя Айцы падкрэслівалі, што гэта складанае пытанне заслугоўвае далейшага вывучэння, паколькі не можна проста сказаць, што маладыя людзі не маюць мужнасці, калі многія з іх даказваюць адваротнае. Варта, аднак, паддаць ацэнцы культурныя і эканамічныя абмежаванні, якія ўплываюць на жыццё моладзі сёння.

У Зале Сінодаў шматразова гучала рэкамендацыя прадстаўляць сакрамэнтальнае сужэнства ў яго сапраўднай прыгажосці, а не як нейкі абстрактны ідэал, якога цяжка дасягнуць. Непарыўнасць, на самой справе, не цяжар, а дар Божы, у якім мы бачым запавет любові да жыцця. 

Прагучала прапанова адлюстраваць у выніковым дакуменце важнасць цэлібату, пашырыць аналіз узаемасувязі паміж сям’ёй і евангелізацыяй, прапанаваць “Lectio Divina” і некаторыя формы пабожнасці: Ружанец і нядзельную св. Імшу, якія ўмацоўваюць сямейнае жыццё.

У дакладах некаторых груп прагучала прапанова надаць больш увагі становішчу жанчын, якія падвергліся насіллю ў сям’і, і ўвогуле сямейным ранам.

У кантэксце нядаўняга апублікавання булы папы Францішка “Mitis Iudex”, адносна спрашчэння “сужэнскіх працэсаў”, у сінадальнай зале прагучала просьба лепш патлумачыць у заключным дакуменце прычыны прызнання несапраўднасці сужэнства. Трэба заахвочваць сем’і заставацца разам, але варта ясна растлумачыць вучэнне Касцёла па гэтым пытанні, лічаць некаторыя з Айцоў Сінода.








All the contents on this site are copyrighted ©.