2015-10-13 14:17:00

Сінод Біскупаў: перыяд заручын – гэта катэхуменат


Адно з пытанняў, якое часта гучыць на Сінодзе Біскупаў на тэму сям’і, датычыць падрыхтоўкі да сакрамэнту сужэнства. Гаворка ідзе аб тым, каб пазбегнуць, наколькі гэта магчыма, сумневаў, якія пазней маглі б узнікнуць як аргумент для сцвярджэння несапраўднасці сужэнства.

Важнасць правільнай падрыхтоўкі тых, хто жадае ўзяць касцёльны шлюб, падкрэсліў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, кардынал Джузэпэ Версальдзі, прэфект Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі. Ён адзначыў, што праца Касцёла з заручанымі з’яўляецца нечым фундаментальным, а прыняцце сакрамэнту павінна быць звязана з належнай свядомасцю і сур’ёзнасцю.

“Перыяд заручын павінен быць не толькі часам эмацыйнага досведу, які па праву перажываюць пары, што плануюць жыць у сужэнстве, але гэта свайго роду катэхуменат . На гэтым шляху Касцёл суправаджае іх не для таго, каб навязаць цяжар або зацямніць прыгожыя моманты іх закаханасці, але, каб дапамагчы ім зразумець, чаго яны на самой справе хочуць”, - звярнуў увагу ватыканскі кардынал. 

Іерарх перакананы, калі будучыя сужэнцы не маюць прагнення збаўчай сустрэчы з Хрыстом у Касцёле, чаму ж у такім выпадку яны павінны прымаць сакрамэнт? “Лепш не накладаць на іх гэты цяжар, калі гэта для іх толькі абуза, а не дапамога. Ідэя складаецца ў тым, каб падрыхтавацца да сакрамэнту сапраўды з радасцю, не фармальна, як гэта адбываецца, калі толькі пасля, як усе, здаецца, зроблена, наступае абрад сужэнства, які мае вырашальнае значэнне, каб маладыя на самой справе маглі вытрываць у любові”, - сказаў кардынал Версальдзі, які прымае ўдзел у працах Сіноду Біскупаў на тэму сям’і і сужэнства.








All the contents on this site are copyrighted ©.