2015-10-13 15:17:00

Кс. Ламбардзі выказаўся пра ліст кардыналаў да Папы


Падчас брыфінгу ў Ватыкане 13 кастрычніка 2015 г. кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы пракаментаваў сітуацыю вакол ліста з заўвагамі адносна  новай метадалогіі Сінода Біскупаў, які быў накіраваны Папу некаторымі Сінадальнымі Айцамі. Інфармацыя аб гэтым лісце з імёнамі 13 кардыналаў, якія нібыта падпісаліся пад ім, з’явілася ў шэрагу СМІ. Прадстаўнік Святога Пасаду заўважыў, што прынамсі чатыры ўдзельнікі Сінода, імёны якіх фігуруюць у апублікаваным спісе, абверглі сваё дачыненне да ліста. 

12 кастрычніка 2015 г. з адпаведнай заявай выступіў прэфект Сакратарыяту па эканамічных пытаннях Апостальскай Сталіцы і член Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам кардынал Джордж Пэл. Ён абвясціў, што Папе быў накіраваны прыватны ліст, які павінен быў застацца такім. Яго змест і подпісы пад ім не адпавядаюць таму, што было апублікавана ў СМІ.

Кс. Ламбардзі дадаў, што праблемы, прадстаўленыя ў лісце, адкрыта ўздымаліся на Сінодзе, пра што паведамлялася, хоць, магчыма, “не так шырока і дэтальна”. “Выказваліся супярэчнасці і сумнівы адносна працэдуры”, - дадаў ён.

Кіраўнік Залы Друку падкрэсліў, што на наступны дзень пасля ўзняцця праблемы ў Зале Сінода на гэты конт выказаліся Генеральны сакратар Сінода Біскупаў і сам Папа. Такім чынам, ініцыятар публікацыі ў СМІ стварыў нязручнасці, якіх не жадалі тыя, хто падпісаўся пад зваротам. 

Афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду таксама заўважыў, што назіранні адносна ўведзенай метадалогіі Сінода нармальныя, таму што гэта нешта новае, але, у той жа час, існуе абавязак кіравацца ёй. “Менавіта гэта і адбываецца. Існуе шырокае супрацоўніцтва на карысць добрага развіцця Сінода”, - сказаў кс. Ламбардзі і дадаў, што нягледзячы ні на што атмасфера на асамблеі застаецца пазітыўнай.








All the contents on this site are copyrighted ©.