2015-10-13 12:03:00

Ватыканскі дыпламат пра стаўленне Еўропы да мігрантаў


У свеце сёння амаль 60 мільёнаў бежанцаў і высяленцаў, і толькі ў невялікай меры гэта лічба адносіцца да Еўропы, звярнуў увагу арцыбіскуп Сільвана Тамазі, які даў інтэрв’ю італьянскаму каталіцкаму часопісу “La Difesa del Popolo” (Абарона народа). Пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў аддзяленнях Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Жэневе падкрэсліў, што ў гэтай сітуацыі не можна казаць аб ніякай крызіснай сітуацыі.

Ватыканскі дыпламат лічыць, што замест таго, каб скардзіцца, краіны Еўропы павінны памятаць аб вельмі сур’ёзнай адказнасці, якую Захад узяў на сябе, распальваючы паўстанні і забяспечваючы зброяй ваенныя канфлікты, якія дэстабілізавалі Лівію і Сірыю, не кажучы ўжо пра крайняе збядненне краін, такіх як Эрытрэя і Судан.

Арцыбіскуп Тамазі выказаў таксама сваё меркаванне адносна грамадскай напружанасці ў сувязі з прытокам мігрантаў. Тут, паводле яго, у гульню ўступаюць палітычныя здольнасць кіравання і маштаб сацыяльнай з’явы. “Гісторыя вучыць нас, што міграцыя, калі ёй добра пакіраваць, у сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве з’яўляецца ўзбагачэннем для ўсіх: для тых, хто мігруе, для краіны іх паходжання, але і для месц, дзе яны селяцца”, - заўважыў ватыканскі дыпламат і дадаў, што, напрыклад, Германія добра ведае, што яе рынак працы ў бліжэйшыя гады будзе патрабаваць маладых рэсурсаў. “І ўся Еўропа павінна задаць сабе пытанні аб магчымых наступствах дэмаграфічнага крызісу, а не крычаць пра ўварванне”, - сказаў арцыбіскуп.

Прадстаўнік Святога Пасаду таксама адзначыў, што дзяржавы-члены ААН падпісалі адпаведныя канвенцыі адносна абавязку прымаць усіх, чыё жыццё знаходзіцца ў небяспецы, незалежна ад рэлігіі. І тут гаворка ідзе не толькі пра проста юрыдычныя абавязацельствы, паколькі ёсць і такія мігранты, якія ў строгім сэнсе не могуць быць кваліфікаваныя як бежанцы, але жывуць у драматычных умовах з-за змены клімату або галечы. Таму, гэта таксама маральнае абавязацельства, падкрэсліў ватыканскі дыпламат.








All the contents on this site are copyrighted ©.