2015-10-12 14:04:00

Сінод Біскупаў: ніякай спешкі ў падрыхтоўцы да сужэнства


Падчас 7-й агульнай кангрэгацыі на Сінодзе Біскупаў працягвалася абмеркаванне трэццяй часткі працоўнага дакумента асамблеі “Instrumentum Laboris”. Адна з вострых тэм, якая ўздымалася на пасяджэнні, тычылася прыняцця св. Камуніі разведзенымі асобамі, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах. Гаворка ішла пра неабходнасць захавання навучання Касцёла, а таксама пра абавязак Касцёла суправаджаць такіх асоб, спалучаючы справядлівасць з міласэрнасцю. 

У некаторых выступленнях уздымалася тэма так званага “шляху пакаяння” для разведзеных, прахаджэнне якога давала б ім магчымасць прыступаць да сакрамэнтаў. Выказваліся меркаванні, як аб пошуку адзінага рашэння, аднолькавага для ўсіх, так і аб магчымасці персанальнага падыходу, заўсёды з павагай да непарыўнасці сужэнства. Некаторыя ўдзельнікі Сінода выказвалі сумнівы адносна так званага “закону градацыі”, асабліва па прычыне магчымых наступстваў яго прымяненне адносна навучання аб сакрамэнтальнай ласцы.

Частка выступоўцаў казала аб прыкладе Праваслаўных Цэркваў у пытаннях разводаў і новых саюзаў, называючы яго “выключэннем з правіла”, каб дазволіць тым, хто памыліўся, узняцца. 

Адзначалася, што нельга адлучыць навучанне Касцёла ад канкрэтнай рэальнасці, інакш можна пераўтварыць тэалогію ў чыстую ідэалогію, аддаляючы хрысціяніна ад веры. Касцёл павінен сістрэматычна практыкаваць “мастацтва суправаджэння” па-сапраўднаму служачы сям’і, не адварочваючыся  ад нікога, казалі ўдзельнікі асамблеі.

На Сінодзе падкрэслівалася сувязь паміж навучаннем Касцёла і міласэрнасцю. Удзельнікі адзначылі, што гаворка не ідзе пра тое, каб устанавіць, што “дазволена”, а што “забаронена”. Гучаў заклік аб звароце да сумлення хрысціян і выйсця з вузкай сферы правоў і абавязкаў для ўваходу ў сферу таго, што добра для супольнасці.

У Зале Сінодаў казалі пра важнасць паглыблення падрыхтоўкі заручаных да сужэнства, асабліва ў кантэксце “духоўнага Чарнобыля”, у якім жыве сучасны чалавек. Тут не хопіць толькі ўпарадкаванасці ў дакументах. Падрыхтоўка павінна быць не паспешнай, глыбокай і па-магчымасці падзеленай на тры этапы: пачынацца задоўга да сужэнства, працягвацца ў яго чаканні і затым у непасрэднай блізкасці да яго. Важным з’яўляецца суправаджэнне сужонкаў і на этапе іх сумеснага жыцця, асабліва пачатковым.

Гаворка ішла таксама пра адказнае бацькоўства, закраналіся пытанні плоднасці сужэнства, падкрэслівалася фундаментальная роля бацькі ў сям’і, сведчанне Божай любові ў сямейным асяроддзі, абмяркоўваліся адносіны паміж сужонкамі і пастырамі, працай і грамадствам. 








All the contents on this site are copyrighted ©.