Пры фінансавай падтрымцы Апостальскай элемазінарыі недалёка ад Ватыкана быў адкрыты начны прытулак для бездомных. У ім змогуць начаваць адначасова 34 асобы. Кіраваннем дабрачыннай установай займаюцца сёстры Кангрэгацыі Місіянерак Любові – манаскай супольнасці, заснаванай Маці Тэрэзай з Калькуты.
У цырымоніі адкрыцця “дарміторыя” прыняў удзел элемазінарый Святога Айца арцыбіскуп Конрад Краеўскі, а таксама першыя госці і валанцёры дабрачыннай структуры.
У памяшканні, дзе размесціўся начны прытулак, да нядаўняга часу знаходзіліся офісы адной з турыстыстычных фірм. Яго ўладальнік – Генеральны дом Ордэна Езуітаў – вырашыў перадаць будынак у распараджэнне папы Францішка, адгукнуўшыся такім чынам на заклік Святога Айца да манаскіх супольнасцяў, прадаставіць свае памяшканні для патрэб бедных. Пантыфік пажадаў, каб у гэтым будынку маглі знайсці прытулак асобы, якія не маюць даху над галавой.
Новая структура атрымала назву “Дар Міласэрнасці”. “Дар, таму што гэта сапраўдны дар манаскай супольнасці; Міласэрнасці – таму што гэта другое імя любові, якое выражаецца праз канкрэтныя і шчодрыя жэсты ў адносінах да бліжніх”, - тлумачыцца ў спецыяльным паведамленні Апостальскай элемазінарыі.
Засяленне ў “дарміторый” адбываецца пасля сумоўя з законніцамі. Пражыванне ў ім павінна працягвацца не больш за трыццаць дзён. Дзейнасць установы ажыццяўляецца па дакладным графіку, якога абавязаны прытрымлівацца ўсе яе госці.
Падобны прытулак для жанчын дзейнічае на тэрыторыі Ватыкана ўжо з 1988 г., з часоў пантыфікату Яна Паўла ІІ. Ён разлічаны на 50 асоб, 30 з якіх начуюць тут пастаянна.
All the contents on this site are copyrighted ©. |