2015-10-12 11:01:00

Кардынал Паралін пра місію нунцыя на Блізкім Усходзе


Хрысціяне Блізкага Усходу ў поўнай меры жывуць крыжам Езуса Хрыста і таму маюць выключнае месца ў сэрцы Касцёла, Папы і Апостальскай Сталіцы, адзначыў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін, звяртаючыся да новага Апостальскага нунцыя ў Іраку і Іарданіі арцыбіскупа Альбэрта Артэгі Марціна, якому 10 кастрычніка 2015 г. удзяліў біскупскую сакру. 

У сваёй гаміліі кіраўнік ватыканскай дыпламатыі падкрэсліў, што Францішак давярае свайму пасланніку асабліва складаную місію, якая патрабуе мудрасці і разважлівасці. Для хрысціян у Іраку і Іарданіі ён пакліканы быць знакам блізкасці Святога Айца і ўсяго Касцёла.

Бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка заўважыў, што перад абліччам цяжкасцяў, з якімі сустракаюцца хрысціяне Блізкага Усходу, Касцёл “нястомна моліцца і клапоціцца аб прыняцці ўсіх магчымых ініцыятыў, якія б маглі звязаць рукі катам”. Ён падкрэсліў, што прысутнасць Апостальскага нунцыя ў Іраку з’яўляецца невымоўным знакам таго, што Касцёл не пакідае сваіх дзяцей у хвіліны выпрабаванняў, але паяднаны з імі і салідарны, моліцца за іх.








All the contents on this site are copyrighted ©.