2015-10-12 12:05:00

Ватыкан: працавала Камісія па абароне непаўналетніх


Папская камісія па абароне непаўналетніх 9-11 касстрычніка 2015 г. у Рыме правяла сваё пленарнае пасяджэнне – другое ад моманту стварэння. Яно пачалося св. Імшой, якую ўзначаліў папа Францішак у капліцы Дому св. Марты. Рабочая частка ўключыла ў сябе абмеркаванне дакладаў рабочых груп, сфарміраваных у лютым 2015 г., на папярэдняй генеральнай асамблеі.

Усяго такіх груп – шэсць. Тэматыка іх працы звязана з абаронай непаўналетніх і датычыць, у тым ліку, падрыхтоўкі кіруючых прынцыпаў па іх ахове і літургічных матэрыялаў для душпастырскай апекі над імі, лячэння і дапамогі ахвярам сексуальных злоўжыванняў і іх сем’ям, фармацыі кандыдатаў да святарства і манаскага жыцця і адукацыі касцёльнага кіраўніцтва, сем’яў і супольнасцяў, тэалагічнай базы такой дзейнасці, а таксама з нормаў кананічнага і свецкага заканадаўства. Аб гэтым гаворыцца ў спецыяльнай заяве, апублікаванай 12 кастрычніка 2015 г. у Ватыкане. Падкрэсліваецца, што Камісія не разглядае асобных выпадкаў і не з’яўляецца органам, якія прымае рашэнні.

З моманту стварэння Камісіі па абароне непаўналетніх да супрацоўніцтва з ёй было запрошана кіраўніцтва мясцовых Касцёлаў. Яе члены ўжо прынялі ўдзел у семінарах, канферэнцыях і сімпозіумах па гэтай тэме ў Ірландыі, Вялікабрытаніі, Францыі, Новай Зеландыі, на Ціхаакіянскіх Астравах. Апошні такога роду форум прайшоў на Філіпінах з удзелам 76 біскупаў. Ужо ёсць запрашэнне ад епіскапатаў Цэнтральнай Амерыкі.

Камісія запланавала сваё наступнае пленарнае пасяджэнне на люты 2016 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.