2015-10-11 12:50:00

Пантыфік заклікаў далучыцца да абароны прыроды


“Наступствы стыхійных бедстваў нярэдка пагаршаюцца адсутнасцю клопату чалавека аб навакольным асяроддзі”, - адзначыў Святы Айцец Францішак 11 кастрычніка 2015 г., нагадваючы, што 13 кастрычніка будзе адзначацца Міжнародны дзень па змяншэнні небяспекі бедстваў. “Я далучаюся да ўсіх тых, хто так дальнабачна ўдзельнічае ў абароне нашага агульнага дома, каб спрыяць глабальнай і мясцовай культуры памяншэння небяспекі бедстваў і большай устойлівасці да іх, гарманізацыі новых ведаў з традыцыйнымі, з асаблівай увагай да найбольш уразлівых груп насельніцтва”, - сказаў Пантыфік сабраным на Плошчы св. Пятра.

Згодна з рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН ад 22 снежня 1989 г., прайшло першае святкаванне Міжнароднага дня па змяншэнні небяспекі стыхійных бедстваў (International Day for Disaster Reduction). Акцыя адбылася ў рамках Міжнароднага дзесяцігоддзя па змяншэнні небяспекі стыхійных бедстваў (1990-1999 гг.). Пазней у 2001 г. Генеральная Асамблея прыняла рашэнне працягнуць штогадовае правядзенне Міжнароднага дня, выбраўшы для яго 13 кастрычніка. Гэта рашэнне стала адной з мер на шляху да фарміравання глабальнай культуры памяншэння небяспекі стыхійных бедстваў, уключаючы іх прадухіленне, змякчэнне наступстваў і забеспячэнне гатоўнасці да іх. У 2009 г. гэты дзень перайменавалі ў Міжнародны дзень па змяншэнні небяспекі бедстваў.

Папа Францішак, выступаючы некалькі тыдняў таму перад Генеральнай Асамблеяй ААН, абвясціў права чалавецтва на спрыяльнае навакольнае асяроддзе. Паводле яго, чалавецтва не можа злоўжываць гэтым правам, не кажучы ўжо пра тое, каб разбураць планету. Любая шкода, нанесеная навакольнаму асяроддзю, гэта ў той жа час шкода чалавецтву, падкрэсліў ён, адзначыўшы пры гэтым, што самазадаволенае і бязмежнае імкненне да ўлады і матэрыяльнага дабрабыту вядзе як да марнавання даступных прыродных рэсурсаў, так і да адхілення ад іх выкарыстання тых, хто слабы і не мае якіх-небудзь прывілеяў.








All the contents on this site are copyrighted ©.