2015-10-10 14:34:00

Святы Пасад заклікаў да змен у міжнародным праве


Святы Пасад прапануе дапоўніць міжнароднае права з улікам апошніх падзей у свеце і патрэбай у вырашэнні шматлікіх канфліктаў і гуманітарных крызісаў. Аб гэтым казаў сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Галахер падчас канферэнцыі аб “новых абліччах вайны”, якая 9 кастрычніка 2015 г. прайшла ў Рыме па ініцыятыве руху “Каталіцкая акцыя” і Інстытута па праблемах міжнароднага мірнага права імя Джузэпэ Таньёла.

Ватыканскі дыпламат падкрэсліў, што ў сферы прадухілення канфліктаў і абароны мірнага насельніцтва ў гуманітарным праве павінна быць нададзена большае значэнне прынцыпу “адказнасці за абарону”, які абавязвае міжнародную супольнасць бараніць людзей ад генацыду і пераследу па рэлігійных ці этнічных матывах. Прынцып “адказнасці за абарону” можа таксама ўжывацца з мэтай гарантавання бежанцам магчымасці вярнуцца на родную зямлю і валодаць сваёй уласнасцю, а таксама жыць з годнасцю і ў бяспецы ва ўласных краінах і асяроддзях, сказаў ён.

Арцыбіскуп Галахер узгадаў эвалюцыю форм вядзення вайны на працягу апошняга стагоддзя, звярнуўшы ўвагу на новыя выклікі, звязаныя з выкарыстаннем права дзеля “павелічэння магчымасцяў легітымнага звароту да вайсковых інструментаў, як вырашэння міжнародных супярэчнасцяў” – стратэгію накіраваную на “нагінанне” нормаў і правоў з мэтай “больш шырокага выкарыстання і простага доступу да ўжывання сілы”.

Гаворачы аб праблеме тэрарызму, ватыканскі дыпламат назваў гэты феномен “самай вялікай формай дэградыцыі вайны, вядомай да гэтага часу”.








All the contents on this site are copyrighted ©.