2015-10-10 10:07:00

Папа благаславіў вуглавы камень для касцёла ў Гомелі


Падчас аўдыенцыі для Апостальскага нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, якая прайшла 3 кастрычніка 2015 г. у Ватыкане, Святы Айцец Францішак благаславіў вуглавы камень пад будаўніцтва новага касцёла ў Гомелі. Аб гэтым паведаміў сайт Каталіцкага Касцёла ў Беларусі 9 кастрычніка 2015 г., са спасылкай на Апостальскую нунцыятуру ў Рэспубліцы Беларусь. Новы храм будзе насіць той жа тытул, што і знішчаная ў 1938 г. гомельская каталіцкая святыня – Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Незадоўга да знішчэння гэтага касцёла былі расстраляны святары, якія ў ім служылі.

Святы Айцец уласнаручна падпісаў акт благаслаўлення вуглавога каменя, як знак апостальскага благаслаўлення ўсім жыхарам Гомеля, на долю якіх у апошнія дзесяцігоддзі выпалі цяжкія выпрабаванні.

Пантыфік папрасіў Апостальскага нунцыя запэўніць членаў каталіцкай і праваслаўнай супольнасцяў Беларусі, а таксама ўсіх жыхароў краіны, у сваёй малітоўнай памяці.








All the contents on this site are copyrighted ©.