2015-10-10 14:46:00

На Сінодзе Біскупаў прайшлі свабодныя дэбаты


Падчас 4-й і 5-й Генеральных кангрэгацый Сіноду Біскупаў, якія прайшлі 9 кастрычніка 2015 г., дыскусія, што адбывалася ў фармаце свабодных выступленняў, была сканцэнтраваны вакол тэм другой часткі “Instrumentum Laboris”, прысвечанай распазнанню паклікання сям’і. Адной з іх стала непарыўнасць сужэнства. Сінадальныя Айцы падкрэслівалі, што асамблея павінна засяродзіцца на гэтай тэме больш падрабязна, каб дапамагчы вернікам зразумець, што непарыўнасць не з’яўляецца нейкім непераадольным цяжарам, наадварот, гэта – крыніца ласкі, якая дазваляе сужонкам жыць згодна з евангельскім навучаннем. Сакрамэнт сужэнства павінен прадстаўляцца ў якасці сілы, якая даецца мужчыне і жанчыне. Для гэтага важна знайсці новую душпастырскую мову, здольную выказаць прыгажосць прынцыпу непарыўнасці, які сёння пужае многіх вернікаў.

Гаворка ішла таксама пра сувязі паміж сям’ёй і евангелізацыяй, а таксама пра місійную прыроду сям’і. У гэтым кантэксце, у прыватнасці, была падкрэслена важнасць ролі дзяцей, якія часта становяцца евангелізатарамі бацькоў. Была зроблена спасылка на важнасць перадачы веры ў сям’і. Тут падкрэслівалася роля бацькоў, як першых катэхетаў для сваіх дзяцей. Касцёл павінен дапамагаць ім у гэтым заданні, прызнаючы місійнае вымярэнне сям’і. Акцэнтавалася таксама святасць сямейнага жыцця. Сям’я – гэта месца святасці, надзеі і евангелізацыі, а таксама каталізатар перамен у грамадстве, падкрэслівалі ўдзельнікі Сінода. 

У Зале Сінодаў гаворка ішла таксама пра раны сям’і: Касцёл павінен ставіцца да іх са спачуваннем, любоўю і цярпеннем, абвяшчаючы ў той жа час праўду аб сужэнстве з яснасцю, настойлівасцю і мужнасцю. Гэта важна, паколькі сёння часта не існуе рэальнай свядомасці, чым на самой справе з’яўляецца сакрамэнт сужэнства. Адзначалася, што Касцёл, які з’яўляецца сям’ёй сем’яў, не судзіць, але збаўляе і павінен спагадліва глядзець на тых, хто прагне Бога. Падкрэслівалася, аднак, што міласэрнасць прадугледжвае праўду і патрабуе пакаяння і навяртання.

Іншай тэмай стала малітва ў сям’і, і ў прыватнасці удзел у Эўхарыстыі: сям’я, якая моліцца, з’яўляецца сям’ёй супакою і сапраўдным “хатнім касцёлам”. Думкі Айцоў Сіноду былі звернуты таксама да многіх сем’яў, якія жывуць ва ўмовах вайны, насілля і адсутнасці бяспекі, а таксама да ўсіх тых, хто, як следства, вымушаны міграваць.

Гаварылася пра важнасць “хрыстацэнтрычнага” выхавання сем’яў у Касцёле, каб сужонкі ўсведамлялі сваю ролю супрацоўнікаў у задуме Бога адносна свету. Для гэтага сям’я павінна нанова адкрыць сваю місію, асабліва ў Еўропе, пазначанай падзеннем узроўню нараджальнасці. У свеце, дзе адносіны становяцца ўсё больш віртуальнымі, таксама з прычыны распаўсюджвання сацыяльных сетак, як ніколі важна звярнуць увагу на асабістую сустрэчу людзей з Хрыстом, казалі ўдзельнікі сінадальнай асамблеі.

Падрыхтоўка да сужэнства павінна быць момантам евангелізацыі. У кантэксце вялікай колькасці разводаў пасля першых гадоў сужэнства, падкрэслівалася важнасць адпаведнага душпастырства заручаных, у якім павінны прымаць удзел таксама і дасведчаныя сужэнскія пары, каб дзяліцца сваім вопытам.

Сінадальныя Айцы казалі таксама пра страх моладзі перад саюзам на ўсё жыццё. Адзначалася асаблівая адказанасць Касцёла, магчыма, празмерна сканцэнтраванага на маралізаванні сексуальнасці, а не на гарачым абвяшчэнні Божага слова. Трэба , каб Касцёл быў побач з людзьмі, даючы ім падтрымку і кажучы: Бог ніколі не пакідае ў цяжкасцях і робіць немагчымае магчымым, казалі ўдзельнікі асамблеі.

Падчас дыскусій гаварылася таксама пра важнасць разважання над Божым словам у сем’ях, што садзейнічае абуджэнню веры і разуменню выклікаў, якія ўзнікаюць у штодзённым жыцці. Падкрэслівалася важнасць удзелу вернікаў у палітычным жыцці, а таксама развіццё душпастырства сем’яў вайскоўцаў, якія вымушаны падоўгу знаходзіцца далёка ад сябе.








All the contents on this site are copyrighted ©.