2015-10-08 10:56:00

Сінод Біскупаў пра гендэрызм і фемінізм


Гендэрызм, фемінізм, паслабленне сувязяў – гэта толькі некаторыя тэмы, якія абмяркоўвалі ўдзельнікі Сіноду Біскупаў на тэму сям’і 7 кастрычніка 2015 г. падчас сустрэч у фармаце “малых груп”. Падставай для разважанняў і дыскусій стала першая частка працоўнага дакументу асамблеі “Instrumentum Laboris”, дзе гаворыцца пра цяжкасці, якія перажываюць сучасныя сем’і. Было адзначана, што тут не можна ўлічваць толькі сацыялагічны аспект і ігнараваць эклезіяльны кантэкст сям’і, у якой самым важным элементам з’яўляецца вера.

Гаворка ішла пра цяжкасці культурнага характару, у тым ліку фемінізм, які часта прэсінгуе сям’ю, сцвярджаючы, што сужэнства з’яўляецца формай ціску на жанчын, што мацярынства, гэта адна з форм насілля ў адносінах да жанчын, а выхаванне дзяцей пазбаўляе жанчын магчымасці рэалізаваць свае амбіцыі.

Была закранута таксама праблема гендэрызму. Удзельнікі адзначылі, што гэта ідэалогія імкнецца знішчыць сужэнства і сям’ю шляхам садзейнічання ліквідацыі гендэрных адрозненняў. У прыватнасці, яна накіравана на дзяцей, у большасці выпадкаў без згоды бацькоў, і мае на мэце змяніць канцэпцыю сексуальнасці. Да гэтага варта дадаць сексуалізацыю маладых людзей, вынікам якой з’яўляецца стаўленне да сексу ў адрыве ад сексуальнасці. Было адзначана, што гендэрная ідэалогія ўсё больш адлюстравана ў навучальных праграмах і заканадаўстве. Усе ўдзельнікі выказалі перакананасць у неабходнасці выразнага сігналу з боку Сінода аб пагрозе гендэрызму для сям’і.

Сінадальныя Айцы, асабліва з краін на шляху развіцця, звярнулі ўвагу на эканамічныя пытанні, якія ўплываюць на сужэнства і сям’ю. Было адзначана, што ёсць вобласці беднасці, якія перашкаджаюць функцыянаванню сям’і. Не засталося без увагі і драматычнае становішча сем’яў у раёнах, пацярпелых ад узброеных канфліктаў ці войнаў.

У ходзе дыскусій часта гучала меркаванне, што, нягледзячы на шматлікія цяжкасці, Касцёл павінен абвяшчаць натуральнае сужэнства паміж мужчынам і жанчынай, якое не залежыць ад нацыянальных або нават рэлігійных абумоўленасцяў і адносіцца да кожнага чалавека. Пра гэта гаворыцца ў Старым і Новым Запаветах і з’яўляецца фундаментальнай культурнай спадчынай усяго чалавецтва.

У адной з груп гаворка ішла пра эканамічнае становішча сем’яў і вельмі нераўнамернае размеркаванне матэрыяльных рэсурсаў у кожнай краіне. Следствам такой сітуацыі з’яўляецца міграцыя, калі адзін з сужонкаў адпраўляецца на заробкі, у выніку чаго часта распадаецца сям’я. Акрамя таго, эканамічныя цяжкасці змушаюць дзяцей да цяжкай працы.

У ходзе абмеркаванняў было адзначана паслабленне ўнутраных сямейных адносін, якое адлюстроўваецца ў фізічнай або духоўнай адсутнасці мужоў і бацькоў у сямейным асяроддзі. Яны не выконваюць сваіх бацькоўскіх функцый у адносінах да дзяцей. Часта гаворыцца аб правах жанчын і дзяцей і практычна не згадваюцца правы бацькаў і іх месца ў сямейным жыцці, адзначылі Сінадальныя Айцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.