2015-10-05 08:52:00

Хрысціянскія аб’яднанні Еўропы бароняць мігрантаў


Міграцыйны крызіс патрабуе неадкладнага і адзінадушнага палітычнага адказу, гаворыцца ў супольнай дэкларацыі старшыні Камісіі епіскапатаў краін Еўрапейскага Саюза (Comece) кардынала Рэйнхарда Маркса і старшыні Канферэнцыі Цэркваў Еўропы (Kek) англіканскага епіскапа Крыстафера Хіла. “Без неадкладнага палітычнага рашэння, прапарцыянальна падтрыманага ўсімі краінамі-членамі, гэты крызіс рызыкуе перамагчы нас і абвастрыць пакуты тых, хто прыбыў у Еўропу ў пошуку прытулку, прыстанішча і ў надзеі на лепшае жыццё, асабліва з набліжэннем зімы”, - гаворыцца ў дакуменце.

Кіраўнікі двух найбуйнейшых хрысціянскіх аб’яднанняў Еўропы нагадалі, што актуальны міграцыйны крызіс – найглыбейшы з часоў Другой Сусветнай вайны. Грамадзянскі ўзброены канфлікт у Сірыі, палітычная нестабільнасць у многіх частках Блізкага Усходу і крайняя беднасць у большай частцы Паўночнай Афрыкі прымусілі амаль 2 млн. чалавек прасіць прытулку ці шукаць лепшага жыцця ў Еўропе: многія з іх траўмаваны вайной, іншыя згубілі надзею з прычыны беднасці.

Кардынал Маркс і епіскап Хіл адзначылі важнасць “чалавечых адносін да мігрантаў”, гасціннасці і салідарнасці ў адносінах да іх ва ўсім Еўрапейскім Саюзе. Іерархі прапанавалі краінам Старога Кантыненту павялічыць колькасць прыняцця асобаў, якія патрабуюць прытулку, у першую чаргу самых безабаронных, асабліва сем’яў з дзецьмі і сіротаў. Лідэры Камісіі епіскапатаў краін Еўрапейскага Саюза і Канферэнцыі Цэркваў Еўропы запэўнілі палітыкаў у падтрымцы ў боку інстытутаў, які прадстаўляюць.








All the contents on this site are copyrighted ©.