2015-10-04 14:11:00

Папа перад “Анёл Панскі”: не – грамадствам-крэпасцям


Папа папрасіў вернікаў маліцца за Сінод Біскупаў, які распачаўся ў Ватыкане. Францішак сустрэўся 4 кастрычніка 2015 г. з імі на малітве “Анёл Панскі”. Ён нагадаў, што ў ходзе XIV Генеральнай Асамблеі Сінадальныя Айцы з усіх рэгіёнаў свету, сабраныя вакол Наступніка св. Пятра, на працягу трох тыдняў будуць весці разважанні і дыскусіі пра пакліканне і місію сям’і ў Касцёле і ў грамадстве, каб зрабіць дбайны духоўны і душпастырскі аналіз і вызначыць, на аснове Езусавага вучэння ісціны і міласэрнасці, найбольш адпаведныя шляхі для дапамогі Касцёла сужэнствам.

Кажучы пра “камплементарнасць і ўзаемнасць паміж мужчынам і жанчынай”, Папа спаслаўся на Святое Пісанне, дзе гаворыцца, што “пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і злучыцца са сваёй жонкай, і будуць двое адным целам, а значыць адным жыццём, адным існаваннем”. У гэтым адзінстве сужонкі перадаюць жыццё новым людзям: яны становяцца бацькамі. Удзельнічаюць у творчай сіле самаго Бога, патлумачыў Францішак. Менавіта любоў, на ўзрор Божай любові, “корміць” адносіны сужонкаў, праз радасці і беды, спакойныя і цяжкія моманты, дадаў ён.

Папа заклікаў усіх бацькоў і выхаваўцаў у свеце, а таксама ўсё грамадства, “стаць інструментамі гасціннасці і любові, з якой Езус абдымае самых малых”, гледзячы ў іх сэрцы “з пяшчотай і клопатам бацькі і, у той жа час, маці”. “Я думаю, пра дзяцей галодных, кінутых, якія выкарыстоўваюцца, вымушаны удзельнічаць у вайне, нежаданых. Балюча бачыць вобразы дзяцей нешчаслівых, з іх поглядам непрысутнасці, якія ратуюцца ад галечы і канфліктаў, стукаюцца ў нашы дзверы і нашы сэрцы просячы аб дапамозе. Няхай Пан дапаможа нам быць не грамадствамі-крэпасцямі, але гарамадствамі-сем’ямі, здольнымі прыняць, з адпаведнымі правіламі, але прыняць, прыняць заўсёды з любоўю”, - сказаў Францішак.

Пасля “Анёл Панскі” Пантыфік памаліўся за ахвяр апоўзняў у Гватэмале, а таксама за пацярпелых ад паводкі ў Францыі. “Давайце будзем побач з людзьмі, якія пацярпелі ад сур’ёзных страт, у тым ліку праз канкрэтную салідарнасць”, - заклікаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.