2015-10-02 12:54:00

Францішак: Анёлы Ахоўнікі – сябры, якіх трэба слухаць


У літургічны ўспамін св. Анёлаў Ахоўнікаў папа Францішак заклікаў уважліва слухаць гэтых пасланнікаў Пана. Падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 2 кастрычніка 2015 г. Пантыфік падкрэсліў, што кожны чалавек атрымаў ад Бога анёла, місія якога заключаецца ў тым, каб даваць парады і абараняць. 

Постаць Анёла Ахоўніка, які прысутнічае ў адносінах паміж Богам і чалавекам, сустракаецца ў многіх малітвах і псальмах, нагадаў Святы Айцец. Ён зацытаваў урывак літургічнага чытання з Кнігі Зыходу: “Вось Я пашлю анёла свайго, які будзе ісці перад табою і ахоўваць цябе ў шляху, і прывядзе да месца, падрыхтаванага Мною” (23,20).

“Ён заўсёды з намі. Яго прысутнасць – рэальная! Ён нібыта пасол Бога ў нашым жыцці. А Пан дае нам параду: “Паважай яго прысутнасць”. Калі мы, напрыклад, робім нейкае зло і думаем, што нас ніхто не бачыць – гэта не так! Прысутнічае ён”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец перакананы, што Анёл Ахоўнік бароніць чалавека ў любой сітуацыі. “Гэта сябар, якога мы не бачым, але адчуваем. Сябар, які аднойчы будзе з намі ў небе, у вечнай радасці”, - сказаў Пантыфік.

Паводле Францішка, Анёлы Ахоўнікі патрабуюць ад людзей увагі і пашаны. Слуханне і павага да іх, з’яўляюцца выразам паслухмянасці Святому Духу, да якой пакліканы хрысціяне. Ён нагадаў, што для паслухмянасці неабходна стаць малымі, як дзеці і ў пацвярджэнне сваіх словаў прывёў наказ Езуса вучням: “Кожны, хто прынізіць сябе, як дзіця гэтае, той будзе большым у Валадарстве Нябесным” (Мц 18,4).

На заканчэнне сваёй гаміліі Святы Айцец заклікаў вернікаў прасіць у Бога аб ласцы паслухмянасці, каб слухаць парады Анёла Ахоўніка, а таксама дзякаваць Пану, за тое што не пакінуў людзей у адзіноце.








All the contents on this site are copyrighted ©.