2015-10-02 14:26:00

Сінод Біскупаў будзе працаваць па-новаму


Аб новай метадалогіі працы Сінода Біскупаў распавёў яго генеральны сакратар кардынал Ларэнца Балдзісэры падчас брыфінгу ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы 2 кастрычніка 2015 г. Яна была зацверджана папам Францішкам падчас сустрэчы Звычайнай Рады Сінода Біскупаў, што праходзіла 25-26 мая 2015 г.

Першым новаўвядзеннем стаў доступ да тэкстаў выступлення сінадальных айцоў адразу пасля іх прачытання. Большае значэнне будзе таксама нададзена дыскусіям у малых групах. Іх будзе 13: адна на нямецкай мове, чатыры – на англійскай, тры – на іспанскай, тры – на французскай і дзве на італьянскай. Спатканні ў малых групах не будуць мець абмежавання па часе. Змест дыскусій будзе даступны для СМІ.

Тэмай першага тыдня працы форума будуць выклікі, які стаяць перад сям’ёй. Пасля прамовы сакратара Сінода, сваім сведчаннем падзеліцца сужэнская пара. Затым адбудуцца выступленні сінадальных айцоў, абмежаваныя трыма хвілінамі. Іншыя тэмы Сінода Біскупаў будуць засяроджаны вакол распазнання паклікання сям’і і яе місіі. Сінадальныя айцы, акрамя тэкстаў выступленняў, змогуць перадаць у сакратарыят і іншыя свае тэксты.

Падчас Сіноду будуць адбывацца штодзённыя брыфінгі. Удзельнікі змогуць свабодна камунікаваць з медыя, згодна з уласным жаданнем і адказнасцю. У той жа час, не будзе распаўсюджвацца інфармацыя аб розных этапах падрыхтоўкі базавага дакумента форума.

У форуме прымуць удзел 270 сінадальных айцоў. 54 з іх будуць прадстаўляць Афрыку, 64 – Амерыку, 36 – Азію, 107 – Еўропу і 9 – Акіянію. У спатканні прымуць удзел таксама кіраўнікі 15 сінодаў Усходніх Касцёлаў, 25 кіраўнікоў дыкастрэрый Рымскай курыі, сакратар і падсакратар Сінода. Беларусь на Сінодзе будзе прадстаўляць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.  








All the contents on this site are copyrighted ©.