2015-10-02 12:06:00

Папа наведае італьянскі рэгіён Таскана


10 лістапада 2015 г. папа Францішак здзейсніць душпастырскі візіт у два італьянскія гарады ў рэгіёне Таскана – Прата і Фларэнцыю. Галоўнай мэтай падарожжа будзе сустрэча з удзельнікамі V Нацыянальнага касцёльнага кангрэсу, які пройдзе на радзіме Леанарда Да Вінчы і Мікеланджэла 9-13 лістапада 2015 г. 

Раніцай Святы Айцец прыбудзе ў Прата – горад са 180-тысячным насельніцтвам, які з часоў сярэдневечча з’яўляецца прамысловым і камерцыйным цэнтрам Тасканы. Тут, на плошчы перад катэдральным касцёлам, Папа сустрэнецца з прадстаўнікамі свету працы. 

Візіт у Фларэнцыю Пантыфік пачне з наведвання архікатэдральнага касцёла Санта-Марыя-дэль-Ф’ёрэ, дзе звернецца да ўдзельнікаў агульнаітальянскага касцёльнага форума. Затым Папа сустрэнецца з хворымі ў базыліцы Санцісіма-Анунцыята і паабедае з беднымі ў сталоўцы св. Францішка, якой кіруе мясцовае аддзяленне “Caritas”.

Кульмінацыяй усяго падарожжа стане Эўхарыстыя на гарадскім стадыёне “Artemio Franchi”. Алтар і амбону для гэтай урачыстай літургіі пажадалі зрабіць вязні турмы “Sollicciano”. Сувязь паміж імі і папам Францішкам усталявалася пасля таго як яны напісалі ліст Пантыфіку, а ён адказаў ім. 

Святы Айцец адправіцца ў сваё падарожжа на верталёце. 








All the contents on this site are copyrighted ©.