2015-09-30 12:47:00

Папа падвёў вынікі свайго кубінска-амерыканскага візіту


Свайму Апостальскаму падарожжу на Кубу і ў ЗША, якое завяршылася ў мінулы панядзелак, прысвяціў катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі 30 верасня 2015 г. у Ватыкане папа Францішак. Ён нагадаў, што галоўнай яго мэтай стала Сусветная сустрэча сем’яў у Філадэльфіі. Пантыфік падзякаваў Прэзідэнту Кастра і Прэзідэнту Абаме, а таксама Генсеку ААН Пан Гі Муну за запрашэнне, а епіскапатам абедзьвух краін за арганізацыйную працу.

Кубу Францішак назваў “краінай, багатай прыроднай прыгажосцю, культурай і верай”. “Я меў магчымасць падзяліцца з кубінцамі надзеяй на выкананне прароцтва св. Яна Паўла II – каб Куба адкрыла сябе свету, а свет адкрыў сябе Кубе. Каб не было больш закрытасці, эксплуатацыі беднасці, але існавала свабода ў годнасці. Гэта шлях, які ажыўляе сэрцы многіх маладых кубінцаў – не шлях уцёкаў, лёгкіх грошай, але – адказнасці, служэння бліжняму, клопату пра самае далікатнае. Гэта шлях, які чэрпае сілы з хрысціянскіх каранёў гэтага народа, які так моцна пацярпеў”, - сказаў Папа.

Падарожжа з Кубы ў Злучаныя Штаты мела “сімвалічнае вымярэнне” і стала своеасаблівым “мостам”, прызнаўся Святы Айцец і дадаў, што “Бог заўсёды жадае будаваць масты, мы ж ставім сцены! А сцены падаюць, заўсёды!”. 

Пантыфік нагадаў, што падарожжа ў ЗША мела тры этапы: Вашынгтон, Нью-Ёрк і Філадэльфію. У першым ён сустрэўся з прадстаўнікамі палітычных уладаў, звычайнымі людзьмі, біскупамі, святарамі і кансэкраванымі асобамі, беднымі і абяздоленымі. Падчас гэтых спатканняў Папа неаднаразова нагадваў, што “найбольшым багаццем гэтай краіны і яе народа з’яўляецца яго духоўная і этычная спадчына”, што “ўсе людзі створаны Богам роўнымі і надзелены неад’емнымі правамі, такімі як права на жыццё, свабоду і імкненне да шчасця”. Гэтыя каштоўнасці з’яўляюцца агульнымі для ўсіх і знаходзяць сваё спаўненне ў Евангеллі, што выразна паказала кананізацыя айца Хуніпера Сьеры, францішканіна, вялікага прапаведніка Каліфорніі.

У Нью-Ёрку Пантыфік меў магчымасць наведаць штаб-ватэру Аб’яднаных Нацый, правесці размовы з Генеральным сакратаром і старшынямі апошніх Генеральных Асамблей і Савета Бяспекі. Падчас іх Францішак пацвердзіў падтрымку для арганізацыі і яе ролі ў садзейнічанні развіццю ў свеце, а таксама заклікаў да спынення і прадухілення насілля ў дачыненні да этнічных і рэлігійных меншасцяў. На мемарыяле “Ground Zero” Папа маліўся разам з прадстаўнікамі рэлігій, сваякамі загінулых і шматлікімі ньюёркцамі, а ў Медысан-Сквер-Гарден узначаліў Эўхарыстыю ў інтэнцыі міру і справядлівасці.

Сусветную сустрэчу сем’яў у Філадэльфіі Пантыфік назваў “кульмінацыйным пунктам” свайго падарожжа. Тут “гарызонт пашырыўся на ўвесь свет праз, так бы мовіць, “прызму” сям’і”, - адзначыў ён. “Сям’я, плённы запавет паміж мужчынам і жанчынай, з’яўляецца адказам на самыя вялікі выклік нашага свету, двайны выклік: фрагментацыі і масіфікацыі – дзве крайнасці, якія суіснуюць і падтрымліваюць адна адну і сумесна ўмацоўваюць спажывецкую эканамічную мадэль. Сям’я з’яўляецца адказам, таму што гэта ячэйка такога грамадства, якое ўраўнаважвае асабістае і сацыяльнае вымярэнні, што можа ўяўляць сабой мадэль устойлівага кіравання каштоўнасцямі і рэсурсамі стварэння. Сям’я з’яўляецца асноўным суб’ектам інтэгральнай экалогіі, паколькі ёсць галоўным сацыяльным суб’ектам, які ўключае ў сябе два асноўныя прынцыпы чалавечай цывілізацыі на Зямлі: прынцып камуніі і прынцып плённасці. Біблійны гуманізм дэманструе нам наступную ікону: пара людзей, аб’яднаная і плённая, змешчаная Богам у садзе свету, каб развіваць і ахоўваць яго”, - адзначыў Святы Айцец.

Папа назваў “справай Провіду” той факт, што сведчанне Сусветнай сустрэчы сем’яў прыйшло са Злучаных Штатаў Амерыкі, “з краіны, якая ў мінулым стагоддзі дасягнула максімальнага эканамічнага і тэхналагічнага развіцця не адмаўляючыся ад сваіх рэлігійных каранёў”. На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Францішак выказаў пераканне, што ў цяперашні час менавіта гэтыя карані патрабуюць выхаду ў бок сям’і, для пераасэнсавання і змены мадэлі развіцця, на карысць усёй чалавечай сям'і.








All the contents on this site are copyrighted ©.