2015-09-30 13:40:00

Пантыфік заклікаў нанова адкрыць постаць св. Рыты


Да новага прачытання досведу св. Рыты Кашыйскай заклікаў вернікаў, якія прыбылі з усяго свету на пасвячэнне вялікай статуі гэтай святой, папа Францішак 30 верасня 2015 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. “Благаслаўляючы вялікую статую святой, я заклікаю ўсіх, каб падчас блізкага ўжо Юбілею Міласэрнасці нанова адкрыць яе незвычайны чалавечы і духоўны досвед, як знак моцы Божай міласэрнасці”, - сказаў Папа, звяртаючыся да пілігрымаў.

Св. Рыта нарадзілася у 1381 г. У 16 гадоў яе выдалі замуж. Сужонак аказаўся грубым, запальчывым чалавекам. Рыта пражыла з ім 18 гадоў, цярпліва зносячы ўсе здзекі, нарадзіла двух сыноў. Жывучы малітвай і цнотамі, яна дапамагла мужу навярнуцца і пачаць сумленнае жыццё. Але неўзабаве яго забілі. Пазней памерлі яе два сыны. Застаўшыся адна, Рыта ўступіла ў кляштар Аўгустыніянак у Кашыі і пражыла ў ім дваццаць гадоў. Яна мела візіі, а на яе чале ўтварылася рана, нібыта ад цярновага вянка, якая не гаілася пятнаццаць гадоў. Рыта памерла ў 1457 г., і яе сталі ўшаноўваць як святую амаль адразу пасля смерці. Яе далучылі да ліку благаслаўлёных у 1626 годзе. Кананізаваў Рыту папа Леў XIII. З 18 мая 1947 г. яе рэліквіі спачываюць у кляшторным касцёле ў Кашыі. 

Узгаданая статуя зроблена ў Ліване. Яе вышыня – 6 метраў, а вага – 30 тон. 18 кастрычніка 2015 г. яна будзе змешчана на радзіме святой – у Кашыі ў рэгіёне Умбрыя, у правінцыі Перуджа ў цэнтральнай Італіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.